Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. Гамілія на 11 жніўня | Друк |
Нядзельнае казанне
10.08.2013 15:43

Дарагія браты і сёстры! Давайце паразважаем над тым, што нам сёння хоча сказаць Езус у Евангеллі. І што азначаюць словы Збавіцеля адносна скарбу і сэрца.

Паглядзіце, прыпавесць, якую прамовіў Езус у сённяшнім Евангеллі, да канца не зразумелі нават апосталы. Пётр пытаецца: Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці ўсім людзям?  Езус адказвае на гэтае пытанне, апавядаючы наступную прыпавесць падобнага зместу, шырэй разгортваючы тэму. А якую тэму — на гэтым зараз мы з вамі засяродзімся.

Сёння Езус, без сумніву, нам кажа аб Валадарстве, якое Айцец дае веруючым і якое здабываюць убогія духам: прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Езус хоча, каб мы сапраўды паступілі радыкальна ў сваім жыцці: усе свае даброты прадалі і раздалі ўбогім? Гэта не зусім так. Матэрыяльныя даброты самі па сабе не з’яўляюцца злом, але служаць дзеля развіцця чалавека. Яны таксама сведчаць аб яго працы, праз матэрыяльнае дабро выражаецца годнасць чалавека. Гэтая годнасць  робіць чалавека больш шляхетным, калі ён умее дзяліцца сваім дабром з іншымі, асабліва тымі, хто патрабуе. Дык як зразумець словы: прадайце, што маеце?

Дарагія! Апрача матэрыяльных дабротаў, існуюць духоўныя. Можа, іх нельга адчуць праз дотык, можа, нельга убачыць іх форму. Ведаеце чаму? Бо яны знаходзяцца ў сэрцы чалавека. Духоўныя даброты нябачныя, але бачны іх вынік, бачна іх прысутнасць у чалавеку. І ў першую чаргу да такіх скарбаў заклікае нас сёння Езус: Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах. А дзеля таго, каб зрабіць месца для падобных скарбаў, трэба пазбыцца ўсяго лішняга, што перашкаджае сэрцу ў набыванні вечнага скарбу. І гэтае месца — менавіта сэрца чалавека.

У Бібліі слова «сэрца» ўжываецца ў двух значэння: прамым, а таксама пераносным. У прамым значэнні сэрца азначае цялесны орган чалавека, у якім заключаецца яго моц і жыццядайная сіла. У пераносным значэнні сэрцам з’яўляецца цэнтр духоўнага жыцця чалавека, найглыбейшыя каморкі яго душы, таксама сэрца — гэта месца прабывання пачуццяў, думак і волі. Вядома, у Святым Пісанні часцей слова «сэрца» ўжываецца менавіта ў пераносным значэнні.

Сённяшняе Евангелле звяртае ўвагу на асаблівае значэнне сэрца ў нашым жыцці: менавіта яно з’яўляецца тым каштоўным начыннем для скарбу, які нам дае Бог. Дзе мой скарб? Чым з’яўляецца гэты скарб? Калі ім не з’яўляецца зямное дабро — то што тады?

Дарагія сябры! Гэты скарб, які ўкрыты ў глыбіні нашых сэрцаў, кожны з нас можа адкрыць і адчуць, што ён у нас ёсць. Напрыклад, можам задаць сабе такія пытанні: як я праводжу свой час, дадзены мне Богам? Я яго добра выкарыстоўваю ці марную? Як я карыстаюся тымі дабротамі, якія маю! Ці выкарыстоўваю я сваё ўменне, свае навыкі на карысць для сябе і іншых людзей? І што ў жыцці робіць мяне шчаслівым?

Шэраг гэтых і падобных пытанняў можа нас неаднойчы ставіць у тупік. Можа, адказ мы не адразу знойдзем, важна, што яго шукаем. Прыйдзе час, калі тое, што я назбіраў у сваім жыцці, мне ўжо не будзе патрэбна, у лепшым выпадку гэтым пакарыстаюцца іншыя, але ўжо не я. І калі ў сваім жыцці мы не забывалі пра скарб, якім з’яўляюцца вечныя даброты, непрамінальныя, то гэты скарб заўсёды будзе са мною, яго ніхто не забярэ, нават смерць. Ён будзе пры мне. Бо гэты скарб стане часткай мяне. А ў кладавую майго сэрца ніхто не мае доступу, апрача Бога: бо туды злодзей ужо не пранікне і моль там не знішчыць. Таму так важна клапаціцца пра сэрца, каб менавіта туды збіраць непрамінальнае дабро.

Ужо само жыццё чалавека з’яўляецца скарбам. І створана яно Богам не дзеля таго, каб гэтае жыццё пражыць абы-як, бо яго вельмі лёгка можна дэфармаваць і знішчаць праз дрэнныя звычкі, паводзіны, занядбанні і г.д.  Але створанае яно, каб годна пражыць на гэтай зямлі. Каб выканаць тое заданне, якое дае мне Бог: у сям’і быць верным мужам, жонкай, клапатлівым бацькам, маці;  адказна прымаць рашэнні не толькі за сябе, але і з клопатам пра сваю сям’ю. Бо важныя не толькі нашы патрэбы, але і тых, з кім я знаходжуся побач. Я павінен з гэтым лічыцца. Бо перад такім, а не іншым, жыццёвым заданнем ставіць мяне Бог.

Дарагія! Нельга марнаваць дадзенае нам жыццё. Так, яно нам даецца толькі адзін раз, але да канца яно не з’яўляецца нашым. Мы адказныя за сябе і за іншых і таму заўсёды павінны быць падрыхтаванымі, каб разлічыцца за тыя скарбы і даброты, якія мы атрымалі ад Бога. А пра тое, што належыць быць заўжды падрыхтаванымі, сведчаць словы Езуса: Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Мае дарагія! Можа, самі дасканала мы не можам зазірнуць у нашыя сэрцы, каб там усё дакладна разгледзець. Але гэта можа паспяхова ўчыніць Бог, якому мы даручаем нашыя сэрцы. Толькі Ён адзіны дасканала іх ведае. І нічога мы ад Яго не ўкрыем. Гэта мы, людзі, глядзім на знешнасць, на тое, што бачнае звонку, і, абапіраючыся на пабачанае, робім высновы і прысуды. Бог жа глядзіць у глыбіню нашага сэрца і ведае наш стан дасканала. Таму толькі Бог здольны па-сапраўднаму перамяніць нашае сэрца. Учыніць духоўную трансплантацыю. Але без нашай згоды і супрацоўніцтва Ён гэта не ўчыніць ніколі. Бог, які стварыў гэты прыгожы свет, які мы з вамі можам назіраць і захапляцца створанай прыгажосцю, стварыў чалавека, кожнага з нас, на свой вобраз і сваё падабенства, таму толькі Бог здольны стварыць «чыстае сэрца».

Аб гэтым вельмі прыгожа напісана ў кнізе прарока Эзэхіэля:

«Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх».

Дарагія браты і сёстры! Калі мы кормімся кожную Нядзелю, або і часцей, Божым Словам, калі ўдзельнічаем у літургіі, калі спажываем Эўхарыстыю, то перамяняюцца нашыя сэрцы, памнажаюцца ў іх нашы духоўныя скарбы, якія калісьці будзем прадстаўляць Богу. Споведзь і Эўхарыстыя – гэта тыя сакрамэнтальныя сродкі, якія дазваляюць нам стаць больш багатымі, больш напоўненымі Богам. Дзякуючы гэтаму мы зможам адкрыць у сабе большыя здольнасці, каб быць міласэрнымі, справядлівымі і здольнымі на прабачэнне і на любоў да Бога і бліжняга. Ці гэта не ёсць сапраўдны скарб, аб якім павінен клапаціцца кожны з нас? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:33
 
© 2003-2024 Catholic.by