Гамілія на свята Святой Сям’i (28 снежня) | Друк |
Нядзельнае казанне
27.12.2014 16:59

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе свята Святой Сям'і звяртае ўвагу на такі момант, пра які зрэшты мы часта забываем: што Езус Хрыстус прыйшоў на гэты свет і быў выхаваны ў сям'і. У адзінай з мноства іншых сем'яў, якія жывуць на зямлі.

У гэтым і заключаецца асноўная задума Бога адносна чалавека: каб асноўным асяроддзем жыцця, выхавання, навукі, працы, любові была СЯМ'Я. Чалавек не можа жыць як быццам у бязважкасці, згублены і самотны ў безыменным натоўпе. Кожны чалавек павінен мець сям'ю. Так, як яе меў Езус, а не быць самотным астраўком.

Аднак, на жаль, жыццё, развіццё і функцыянаванне шматлікіх сем'яў знаходзіцца сёння далёка ад таго ўзору, які нам пакінула Сям'я з Назарэту. І бывае так, што дзеці наогул пазбаўлены неабходных умоваў да ўзрастання і выхавання. Праз гэта адбываецца вельмі вялікая шкода і зраненне такога дзіцяці ў сферы як эмацыянальнага, сямейнага, так і сацыяльнага жыцця ўзрастаючага чалавека.

У занядбанні развіцця сем'яў заключаецца маральная беднасць, а таксама ўсялякага роду сацыяльная паталогія. І ўрэшце рэшт ад гэтага пакутуе ўсё грамадства. Бо як выхаваем маладое пакаленне зараз, такое ў будучыні - далёкай або менш далёкай - будзем мець грамадства.

Таму ў інтарэсах усяго грамадства, каб такі інстытут, як сям'я, добра функцыянаваў, быў сапраўднай ячэйкай грамадства. А інвеставаць у сям'ю значна больш важна, чым рабіць інвестыцыі, напрыклад, найлепшых школаў, дамоў культуры ці нават асяродкаў выхавання. Гэта ўсё вельмі патрэбна, вельмі важна, але ў першую чаргу трэба ўмацаваць сям'ю, супольнасць найбліжэйшых, патрэбных адно аднаму людзей. Гэтая супольнасць грунтуецца на любові, якая пануе ў сям'і. Любоў і згода з’яўляецца сэрцам кожнай сям’і, на ўзор сям’і з Назарэту.

Аб гэтай праўдзе напісаў некалі святы Павел, падкрэсліваючы неабходнасць унутранага перамянення ў імкненні да дасканаласці: Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, а па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. Гэта асаблівым чынам патрэбна кожнай сям’і, якая будуецца на Божым падмурку.

Гэта не значыць, што сям’я, якая стараецца жыць па-Божаму, павінна быць пазбаўлена ўсялякага роду канфліктаў і непаразуменняў. Не. Гэта нават немагчыма. Але такая сям’я здольная перамагчы ўсялякі канфлікт, усялякую недарэчнасць і непаразуменне, бо яе члены стараюцца пакінуць старога чалавека, грэшную натуру і звычкі і апрануцца ў чалавека новага, адкупленага Езусам Хрыстом.

Гэтыя словы надаюць надзею для кожнай сям'і. Напэўна, кожны з нас можа разлічваць на дапамогу і апеку Езуса, Марыі і Юзафа – Святой Сям'і. І не трэба нам думаць, што ўзор Святой Сям'і для нас недасяжны. Гэта не так. Дзякуючы апецы і духоўнай падтрымцы Святой Сям'і, а таксама нашай добрай волі і імкненню ствараць супольнасць дабрыні і любові, гэта ў нашых сілах. Бо, мае дарагія, не ўсё ад нас залежыць, але многае.

Канешне, усім нам хацелася б, каб у нашых сем’ях панавала сапраўдная любоў, каб мы больш любілі адно аднаго, бо ўсе мы ведаем, што гэта адзіны шлях дасягнення радасці і стабільнасці ў сям’і. Сапраўды, так часта дзеці не клапоцяцца пра сваіх бацькоў, лічаць сябе самымі разумнымі або што ім увесь свет належыць, і праз гэта губляецца атмасфера любові ў сям’і. Таксама і  бацькі бываюць занадта занятыя сваёй працай або імкненнем прабіць сабе дарогу на п’едэстал, і, на жаль, ні пра якую ўтульную цёплую, любячую атмасферу ў сям'і няма тады гаворкі.

Адзінае, што нам застаецца - гэта зрабіць першы крок да адбудавання сваёй сям'і. Зрабіць гэты крок, пачынаючы ад сябе. Калі я люблю сваю сям'ю, я буду змагацца з маімі дрэннымі звычкамі, хоць бы такімі, як алкаголь. Калі я люблю сваю сям'ю і хачу, каб яна была моцнай, трывалай на узор Святой Сям'і, то я павінен даверыцца Богу і паверыць у самога сябе. Што ўсё ў мяне атрымаецца, так, як атрымалася ў Езуса, Марыі і Юзафа.

Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце - казаў Апостал народаў святы Павел. Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, мужы, кахайце жонак, дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам вашым ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану. Вось просты план, дзякуючы якому можа добра развівацца кожная сям’я.

Мае дарагія! У развіцці сям'і, у абароне сям'і немалую ролю адыгрывае Касцёл. З аднаго боку ён ставіць у прыклад Святую Сям'ю, з другога - дае непасрэдныя парады, як да гэтага ўзору дастасавацца.

Вельмі добрай інструкцыяй у гэтым стаў ліст да сем'яў, напісаны бл. Янам Паўлам ІІ, вялікім абаронцам сям'і і жыцця наогул. Гэты Папа выказаў такую думку, што найлепшая дапамога, якую можна аказаць сям'і - гэта ўменне самой сям’і жыць па-Божаму: паводле Божых Запаведзяў, паводзіць сябе сумленна і адказна, бо мае паводзіны ўплываюць на іншых людзей і ад гэтага залежаць не толькі вынікі майго жыцця, але і тое, што я сваім жыццём уплываю на жыццё іншых людзей. Вельмі важная на пачатку любоў сужэнцаў адно да аднаго, пасля вельмі важнае ўменне выхаваць патомства. Усё нашае жыццё - гэта здзяйсненне канкрэтнага выбару, і чым больш мы свядомыя таго, што мы выбіраем, тым больш дасканалы будзе наш выбар.

Гэтая справа нялёгкая, але не значыць што немагчымая. Таму варта яшчэ раз прыгледзецца да Евангелля: паглядзіце, якім вялікім быў клопат Марыі і Юзафа адносна Езуса. Гэты клопат, які ўзнік з моманту нараджэння Езуса, не знікае ў Яго дзяцінстве. Гэта выглядае банальна, але, мае дарагія, у штодзённым жыцці сем'яў чаго найбольш не хапае - дык гэта шчырага клопату. Звычайна клапоцяцца пра малое дзіця, калі яно нарадзілася, калі канкрэтна патрабуе дапамогі бацькоў, а крыху пазней, бліжэй да моладзевага ўзросту, ім перастаюць ужо цікавіцца. А гэта не зусім правільна.

А бывае і такое, што бацькі перастаюць цікавіцца сваімі дзецьмі наогул, а пачынаюць цікавіцца толькі тады, калі ў дзяцей з'яўляюцца сур’ёзныя клопаты і праблемы. Напрыклад, бацькоўскі сход у школе, тэлефонны званок ад класнага кіраўніка. Усё гэта становіцца моцным імпульсам, каб бацькі звярнулі ўвагу на сваіх дзяцей. Галоўнае толькі, каб занадта позна не было. Але ці варта так усё пускаць на самацёк? Гэта ж сям'я, асноўны асяродак выхавання...  

Дарагія браты і сёстры! Як часта праз нашае занядбанне губляецца пачуццё роднасці і блізкасці ў сям'і, губляецца ўзаемаразуменне. Каб гэтага не было, трэба нешта змяніць. Спачатку ў сваім жыцці, а потым у жыцці іншых.

Таму даверым сёння нашыя сэрцы і нашыя сем'і Богу і Святой Сям'і, каб, умацаваныя прыкладам Езуса, Марыі і Юзафа, мы не баяліся жыццёвых цяжкасцяў, але з адвагаю крочылі наперад, выконваючы сваё пакліканне: быць добрым мужам, бацькам; быць добрай жонкай, маці; быць добрымі, паслухмянымі дзецьмі. Быць моцнай, сапраўднай сям'ёй. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by