Гамілія на свята Хросту Пана (11 студзеня) | Друк |
Нядзельнае казанне
09.01.2015 16:15

«Я хрысціў вас вадою, - кажа Ян, - а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя нядзеля Хросту Пана з’яўляецца асаблівым аб'яўленнем Езуса Хрыста. Прыгожае сведчанне мы сёння чуем з вуснаў Яна Хрысціцеля, калі ён кажа: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Ягоных сандалях».

У гэтым сведчанні апошняга прарока Старога Запавету заключаецца глыбокая пакора і свядомасць таго, хто з'яўляецца Тым, каму Ян не варты развязаць на сандалях раменьчык. Ян выдатна ведае, Хто такі Езус, які прыйшоў прыняць ад яго хрост. Ён разумее, што вось той Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету. Ян, які бачыць падыходзячага да яго Езуса, аб'яўляе Яго сваім вучням і натоўпу, які яго акружаў, і адразу, пасля хросту, сведчанне Яна Хрысціцеля, яго вера становяцца падмацаваныя сведчаннем Бога, дзе аб'яўляецца Найсвяцейшая Тройца: «І пачуўся голас з нябёсаў: Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я»

Дарагія! Езус, які прымае хрост ад Яна, адкрывае перад намі важнасць гэтага сакрамэнту! Так, як для Езуса гэтая падзея стала знакам распачацця яго настаўніцкай дзейнасці — ініцыяцыя Езуса як Месіі, так для нас сакрамэнт хросту становіцца пачаткам новага жыцця ў Божай ласцы. Прыняўшы гэты сакрамэнт, мы сталі Божымі дзецьмі, і гэты голас з нябёсаў, які мы сёння чуем у Евангеллі, становіцца звернуты таксама да нас, якія некалі прынялі сакрамэнт хросту: ты сын, ты дачка Мая ўмілаваная, цябе ўпадабаў Я!

І маё жыццё ад гэтага моманту цалкам змянілася. Паколькі я, прыняўшы хрост, з'яўляюся Божым дзіцём, то ўжо свабодны ад першароднага граху і вырваны з няволі зла. Хрост вызваляе мяне з няволі граху і зла і робіць мяне паўнапраўным грамадзянінам Божага Валадарства. Таксама з сакрамэнту хросту вынікаюць іншыя сакрамэнты, дары, харызматы і ласкі, якія я атрымоўваю як хрысціянін, як Божае дзіця. І праз хрост мы ўваходзім у рэчаіснасць Божай любові. Яна аснова нашага паклікання і праяўляецца ў верным выкананні Божых запаведзяў. Аб гэтым сёння мы чуем у другім чытанні з Першага паслання святога апостала Яна: «Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і выконваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы выконвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі».

«Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». Гэтымі словамі сам Бог Айцец аб'яўляе пачатак месіянскай дзейнасці свайго ўмілаванага Сына Езуса Хрыста. І гэтыя словы былі патрэбныя не Езусу, бо Ён ведаў, кім з'яўляецца і дзеля чаго пасланы. Гэтыя словы адрасаваны да ізраэлітаў, для вучняў і апосталаў, а на сённяшні дзень яны адрасаваны да нас. Не да безыменнага натоўпу, але да кожнага індывідуальна. Айцец аб'яўляе місію свайго Сына, а як жа часта людзі, нават веруючыя, пярэчаць гэтай місіі, не бачаць у Езусе Месіі. Бог, які розным чынам жадае ўвайсці ў жыццё кожнага чалавека і даць яму самога Сябе, вельмі часта сустракаецца з неразуменнем або пратэстам. Таму што чалавек сёння ўсё радзей шукае Бога, з-за гэтага не зацікаўлены Яго дарам і як сумны вынік не прымае гэтага аб'яўлення. Не жадае ўслухацца ў словы “Ты Сын Мой умілаваны” і ў іх таксама ўбачыць самога сябе. Вельмі цяжка бачыць, што столькі людзей уцякае ад Бога, ад Яго навышэйшага дару — Эўхарыстыі, ад Яго любові і ў выніку ад вечнага жыцця.

Умілаваныя! Якімі ж неразважлівымі бываюць бацькі, калі кажуць, што не будуць хрысціць сваё дзіця, каб яно, калі падрасце, свядома і дабравольна само магло выбіраць. Падумайце, як жа можна не хацець для свайго дзіцяці дабра, духоўнага адраджэння, Божай ласкі, свабоды, якую дае прыналежнасць да Бога, каб быць Яго дзіцём. Чаму бацькі мыюць сваіх малых дзяцей, кормяць спецыяльнымі сумесямі і не чакаюць, пакуль дзіця падрасце і пачне выбіраць, мыцца яму ці не, што лепш есці, а што піць? Чаму бацькі, часцей за ўсё супраць волі сваіх дзяцей, пасылаюць іх у школу, запісваюць у розныя кружкі і факультатывы: вакал, танец, інфарматыку, рытміку, фізкультуру і гэтак далей? Чаму не чакаюць, пакуль іх дзіця само абярэ для сябе адпаведную адукацыю ці факультатыў? Як бачым, вельмі недарэчнай здаецца такая бацькоўская логіка. І тут можам сказаць, што такія бацькі або наогул няверуючыя, або з мінімальнай рэлігійнай свядомасцю, што па сутнасці вельмі блізка да першага варыянту.

Сёння мы яшчэ раз углядаемся ў таямніцу Хросту Пана і, хоць дасканала не зможам спасцігнуць глыбіні Божай мудрасці, аднак самае галоўнае і неабходнае для нашага разумення ўжо ёсць. Калі Езус прымае хрост, а ведаем, што Яму хрост не быў патрэбны, Ён гэта чыніць дзеля нас, каб мы паверылі, каб сведчанне Божага слова заахвоціла нас задумацца над нашым уласным хростам. У момант, калі мы яго прымалі, хутчэй за ўсё мы не былі ў стане сказаць Богу простае “дзякуй”. Дык вось, мае дарагія, сённяшняе свята - гэта зручная нагода, каб шчыра падзякаваць Богу за наш уласны хрост, за нашых бацькоў і хросных, якія ад нашага імя адракліся ад зла і вызналі веру ў Бога, і гэтая вера Касцёла, у якой мы прынялі хрост, адчыніла перад намі браму да вечнага жыцця. Хрыстус кожнага, хто гэту браму перакрочыў, запрашае да асаблівай камуніі з Ім. Да еднасці і любові, да радасці і свабоды Божых дзяцей.

Дарагія! Перад намі перспектыва бязмежнай вечнасці, у якой мы маем магчымасць рэалізаваць тое, дзеля чаго нас Бог стварыў. Калісьці гэтая магчымасць была недаступнай нават для праведнікаў і мудрацоў, якія жылі паводле сумлення, робячы дабро і паступаючы справядліва. Аднак дзякуючы заслугам Езуса Хрыста, дзякуючы таму, што Ён у сваёй любові нас збавіў, мы маем магчымасць удзельнічаць у радасці Божага Валадарства. І менавіта гэтую ласку нам дае сакрамэнт хросту.

Няхай сённяшняе свята Хросту Пана будзе для кожнага з нас добрай нагодай, каб ад сэрца, шчыра падзякаваць Богу за гэты каштоўны дар, якім з'яўляецца хрост, і Эўхарыстыя, у якой мы разам удзельнічаем, і таксама іншыя сакрамэнты, дзякуючы якім мы ўзрастаем у любові і ласцы. Няхай сённяшняе Божае слова, якое мы пачулі, абудзіць у нас прагненне адновы тых абяцанняў, якія ад нашага імя далі калісьці нашыя бацькі і хросныя ці, можа, нават мы, калі прымалі хрост, будучы ўжо дарослымі. Памятайма, што ў Езусе Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі, а значыць, да кожнага з нас адносяцца словы: ты сын, ты дачка Мая ўмілаваная, цябе Я ўпадабаў. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD


 
© 2003-2024 Catholic.by