Гамілія на V Звычайную нядзелю (8 лютага) | Друк |
Нядзельнае казанне
06.02.2015 21:22

«Езус узяў на сябе нашую слабасць і вылечыў хваробы».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Евангелле паказвае Езуса ў трох аспектах:

1) Езус як той, хто лечыць і выганяе злых духаў;
2) Езус моліцца на пустынным месцы;
3) Езус прапаведуе Добрую Вестку.

Усе гэтыя аспекты злучаюцца ў адзіную місію Езуса Хрыста. Ён на сваім уласным прыкладзе паказвае, што з'яўляецца лекарам душы і цела. Таксама Настаўнік з Назарэту ставіць націск на неабходнасць у жыцці такой практыкі, як малітва, што яна павінна быць інтэгральна злучана з жыццём і дзейнасцю веруючага чалавека. І трэці аспект – прапаведванне, абвяшчэнне Добрай Навіны — мае ўніверсальны характар, бо яно не абмежавана да нейкай канкрэтнай групы людзей, але накіравана да ўсіх. «Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».

Дарагія! У жыцці хрысціяніна таксама павінны прысутнічаць усе гэтыя тры аспекты: і чыны міласэрнасці, і малітва, і ўменне дзяліцца Божым словам. З гэтага і складаецца нашае жыццё, нашая місія, нашае заданне і сведчанне пра Хрыста. Калі чагосьці з гэтага нам не хапае, то мы адчуваем цяжкасць у выкананні Хрыстовай місіі. Таму вельмі важна, каб мы аднавілі прагненне наследвання Хрыста: у справах міласэрнасці, у малітве і ў абвяшчэнні Евангелля. Калі мы паставім перад сабою гэтыя тры мэты і ўсвядомім, што для нас яны з'яўляюцца прыярытэтамі, то раней ці пазней зможам дасягнуць гэтых мэтаў, хоць, можа, адразу яны будуць здавацца нам амаль недасяжнымі.

Сёння разам з вамі хачу паразважаць над адным з гэтых трох аспектаў, а менавіта аб Езусе як лекары душы і цела. Сучасны свет, захоплены ростам высокіх тэхналогій, шматлікімі прамінальнымі марнасцямі, якія чамусьці лічыць за каштоўнасці, зусім забывае пра моц малітвы, праз якую Езус мае магчымасць падзейнічаць і аздаравіць чалавека. Калі кажу зараз пра сучасны свет, то ў першую чаргу маю на ўвазе хрысціянскі свет. Мы чамусьці забываем, што Бог можа нам спасылаць цярпенне дзеля нашага духоўнага дабра або для духоўнага дабра іншых людзей. А мы гэта часамі трактуем як пакаранне, а за што - нават самі не ведаем.

Мы за ўсялякі кошт гатовы пазбыцца нават маленечкага крыжа, не кажу пра цяжкі і балючы досвед цярпення, але як часта мы не маем сілы прыняць нават маленькага цярпення, праз якое хутчэй за ўсё Бог хоча нас ачысціць. А нам не хапае пакоры, каб гэта прыняць. На самой справе, дарагія браты і сёстры, кожнае цярпенне мае сэнс і вартасць у Божых вачах, бо на гэтыя нашыя цярпенні Бог глядзіць праз прызму свайго церпячага Сына.

І хоць на сённяшні дзень медыцына знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, аднак здараюцца сітуацыі, у якіх яна бязрадная. І тады чалавек на жыццё пачынае глядзець па іншаму. Па-першае, ён пачынае цаніць жыццё больш, чым калі небудзь раней. Па-другое, усведамляе вялікую колькасць таго, што яшчэ не паспеў зрабіць, і па гэтай прычыне адчувае немалы боль і дакор сумлення. Па-трэцяе, у такой драматычнай сітуацыі, калі жыццё чалавека вісіць на валаску, ён мае шмат магчымасцяў пераасэнсаваць сваё жыццё, убачыць Бога, які ў ім церпіць, і мець у Хрысце надзею на збаўленне.
 
Дарагія! Сённяшні свет празмерна любіць выгоды, імкнецца лепш клапаціцца аб здароўі чалавека, толькі вельмі часта ставіць націск на цела чалавека, а забывае пра яго душу, якая па сваёй сутнасці вечная. Якая розніца, адчуваеш псіхалагічны камфорт ці не адчуваеш, калі твая душа знаходзіцца ў стане смяротнага граху? У такім стане душа пазбаўлена духоўнага развіцця і перажывае рэгрэс, свайго роду хваробу. І ў такіх абставінах ніхто не здольны вылечыць чалавека, апрача Езуса, які праз сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі здзяйсняе сапраўдны цуд, хоць, можа, і нябачны для чалавечага зроку.  

Магчыма, вы скажаце, што сёння ўжо няма тых аздараўленняў, якія мелі месца ў час зямнога жыцця і дзейнасці Езуса Хрыста. Аднак гэта не зусім так. Калі нас зацікавіць гэтая праблематыка, то мы можам знайсці шмат сведчанняў людзей, якія былі аздароўлены праз малітву да святых або праз харызматычных асобаў, якія валодаюць дарам аздараўлення, і гэта прызнана Касцёлам. Напрыклад, для таго, каб Касцёл абвясціў кагосьці благаслаўлёным або святым, патрэбны цуд праз заступніцтва гэтага святога чалавека, і гэты цуд павінен быць падцверджаны медыцынай. А харызматычныя лекары заўсёды карыстаюцца моцаю Хрыста, а не сваёй уласнай. Святы айцец Піо з П’етрэльчыны заўсёды непакоіўся, а нават нерваваўся, калі асабіста яму дзякавалі за цуд аздараўлення. Ён заўсёды падкрэсліваў, што лечыць толькі Божай моцай, а не сваёй. “Гэта Хрыстус лечыць, а не я”, — казаў ён.

Умілаваныя! Як жа шмат апошнім часам развялося ўсялякага роду лекараў і аздаравіцеляў. Адзінае, што ва ўсім гэтым мностве можа нас непакоіць - гэта пытанне, чыёй моцаю яны лечаць. Адны кажуць, што карыстаюцца нейкай энергіяй, у якой яны бачаць аздараўляльную моц Бога, іншыя - што яны моляцца, заклікаючы імя Езуса. Аднак, калі Касцёл не даследваў крыніцу моцы гэтых людзей, якія лечаць, звяртацца да іх усё ж такі небяспечна.

Айцец Жозэф Мары (Жак Вэрлінд), які перад сваім манаскім пакліканнем абараніў кандыдацкую дысертацыю ў галіне ядзернай хіміі, у свой час вельмі глыбока пранікся духам будызму, а таксама індуізму. Ён паспяхова практыкаваў філасофію ўсходу і трансцэндэнтную медытацыю, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і выхаваўся ў глыбока веруючай каталіцкай сям'і ў Бельгіі. Усё гэта прывяло да таго, што Жак Вэрлінд ведаў магічныя заклінанні, валодаў шматлікімі надзвычайнымі здольнасцямі: мог левітаваць ці нават аздараўляць людзей ад многіх хваробаў. Толькі што ва ўсім гэтым было не так?

Усе гэтыя звышпрыродныя здольнасці не паходзілі ад Хрыста. Пасля свайго навяртання Жак Вэрлінд на працягу 7 гадоў маліўся ў прысутнасці святароў-экзарцыстаў, каб раз і назаўсёды пазбавіцца ад акультных наступстваў. І, калі ён адчуў сваё духоўнае аздараўленне і шчырае навяртанне да Езуса Хрыста, у адзін момант згубіў усе свае надзвычайныя здольнасці. Як пазней ён сам апавядаў, усе аздараўленні, якія ён здзяйсняў, былі павярхоўнымі, а нават фальшывымі, а людзі, якія зведвалі палёгку ці аздараўленне, цешыліся добрым здароўем нядоўга.

Такога роду лячэнне мела выключна знешнія праявы аздараўлення, знікалі сімптомы, але праз хуткі час з'яўлялася мноства іншых хваробаў, не кажучы пра духоўную сферу, у якой панаваў хаос, безнадзейнасць ці роспач. Па сутнасці, дабра ў такім лячэнні не было. І калі ён гэта адчуў, то зразумеў, што на гэтым шляху ён праўды не знойдзе. А паколькі Жак Вэрлінд быў выдатным філосафам, дзякуючы сваім разважанням і, канешне, Божай ласцы, то прыйшоў да высновы, што сапраўдным і адзіным лекарам з'яўляецца толькі Езус Хрыстус. Таму што менавіта Хрыстус аздаравіў яго ад духоўнай праказы, якой была практыка акультызму і ўсходнія медытацыі.

Дарагія браты і сёстры! Езус, як чуем сёння ў Евангеллі, сапраўдны лекар душы і цела. Таму толькі Ён з'яўляецца нашым поўным і сапраўдным аздараўленнем. Не экстрасэнсы, не бабкі-шаптухі, ні якіясьці іншыя асобы, якія нібы валодаюць дарам аздараўлення, не лечаць сваёй моцаю. Бог Айцец нас стварыў, Езус Хрыстус, Божы Сын, нас збавіў, а Дух Святы асвяціў і ўмацаваў. Толькі Бог - адзіная і сапраўдная крыніца аздараўлення. Святы Касцёл не перастае прыгадваць гэтую праўду і асцерагае нас, каб мы, выбіраючы сабе лекара, не карысталіся  з сумніўных крыніцаў, бо праз гэта можам прынесці сваёй душы вялікую шкоду.

У кнізе прарока Ісаі ёсць такія словы: «Тыя, хто паверыў Пану, адновяць свае сілы, атрымаюць арліныя крылы, пабягуць нястомна і не будуць знясіленнымі». Памятайма, што толькі Бог па-сапраўднаму лечыць. Дык вось, каб нам аднавіць свае сілы, трэба паверыць Богу, паверыць, што Ён здольны нас аздаравіць, даць нам неабходныя сілы. Гэтую праўду мы можам зразумець толькі тады, калі нашыя сяброўскія адносіны з Богам будуць падмацаваныя малітвай, сакрамэнтамі, учынкамі міласэрнасці і шчырым хрысціянскім жыццём. Езус нас збавіў, таму што ў нас паверыў, толькі ці верым мы ў гэта? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by