Гамілія на ІІІ Нядзелю Вялікага посту (8 сакавіка) | Друк |
Нядзельнае казанне
06.03.2015 15:34

«Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе».

Дарагія браты і сёстры!

Гэтыя прароцкія словы, сказаныя Езусам, спачатку не былі правільна зразуметы. Юдэі палічылі, што Ён казаў ім пра святыню, якая будавалася на працягу сарака шасці год. Магчыма, Езус даў ім намёк, што чакае гэты будынак Божага культу ў недалёкай будучыні. Бо прыкладна ў 70-х гадах пасля Нараджэння Хрыстовага Ерузалемская святыня сапраўды была знішчана рымлянамі. Але зараз Езус казаў не пра Ерузалемскую святыню. Ён у чарговы раз узгадаў, што чакае асабіста Яго. Бо збурэнне святыні, у тым значэнні, у якім казаў аб гэтым Езус, азначала не што іншае, як ягоную смерць на Крыжы. А ўсё гэта Ён казаў дзеля таго, каб збылося сказанае ў Пісанні, а таксама каб многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае.

Чаму Езус прамовіў гэтыя прароцкія словы? З аднаго боку, гледзячы на кантэкст, можам прыйсці да высновы, што Езус быў абураны няправільнымі паводзінамі людзей у святыні. Замест таго, каб маліцца і праслаўляць Бога, людзі там дагаджалі адзін аднаму, робячы са святыні, як сам Езус выдатна акрэсліў, дом гандлю. Гэта не ўваходзіла ні ў якія рамкі, і таму для Езуса, які разумеў лепш, чым хто, чым з'яўляецца святыня - што гэта асаблівы дом Яго Айца, - гэта была кропля ў перапоўненым кубку. Вядома, Езуса гэта абурыла, і нічога дзіўнага няма, што Яго апанаваў слушны гнеў, калі Езус, зрабіўшы бізун з вяровак, паразганяў тых няўдачных гандляроў.

З іншага боку, для Яго вучняў і для тых, хто добра ведаў Пісанне, гэта быў выразны знак, аб якім казаў прарок Ісая: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне. Магчыма, вучні спачатку не зразумелі ці нават спалохаліся, калі ўбачылі свайго Настаўніка такім абураным, што Ён пераварочваў сталы мянялаў, выганяў з загарадак авечак і валоў і ўсіх, хто быў саўдзельнікам гэтага злачынства супраць дому Яго Айца. Аднак потым зразумелі, адкуль у Яго была такая руплівасць. Бо праз гэта Езус метафарычна ўзгадвае пра сваю смерць, пра збурэнне святыні, якой з'яўляецца Ягонае цела: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе».

Дарагія! У сённяшняй навуцы Езуса Хрыста варта заўважыць два вельмі важныя аспекты, якія датычаць кожнага з нас. Першы аспект — гэта нашыя адносіны да Божага дому, у якім мы збіраемся кожную нядзелю. Ці гэты будынак, якім з'яўляецца касцёл, адпаведна намі шануецца? Як мы сябе паводзім у гэтай святыні і ці адказныя мы за яе? Гэта вельмі добрыя пытанні, на якія варта знайсці адказ.

Час паказаў, што нашыя продкі станоўча адказалі на гэтае пытанне. Яны не дазволілі, каб з гэтай прыгожай святыні камуністычны рэжым зрабіў дом гандлю. Нашы дзядулі і бабулі мужна абаранялі гэтую святыню, і не памылюся, калі скажу, што часамі яны былі авалоданы той жа руплівасцю, што і Езус, руплівасцю, аб якой сёння чуем з Евангелля. І нам гэта, дарагія браты і сёстры, трэба зберагчы!

Адкуль была такая руплівасць? Бо цяперашняму маладому пакаленню паводзіны тых людзей, якія адносіліся да гэтай святыні як да дому Айца і ўсімі сіламі яе абаранялі, могуць здавацца не чым іншым, як праявай рэлігійнага фанатызму! Чаму цяперашняе маладое пакаленне так можа лічыць? Магчыма, таму, што яно не бачыць істоты таго, што матывавала тых людзей стаяць у абароне гэтай святыні. Што ж матывавала? Напэўна, ведаеце: моцная вера, якая закалялася нялёгкім жыццём. Дзякуючы ёй веруючы чалавек абараняе тое, што для яго з'яўляецца святым.

А як з гэтым зараз? Якія вартасці абараняе сучасны чалавек? Ці здольны ён стаць у абарону сваёй веры? Ці будзе гэтая вера надаваць адпаведны стымул, каб шанаваць і абараняць святыню, не рабіць з яе дому гандлю, аб чым кажа сёння Езус? Як бачым, сённяшняе Евангелле нараджае шэраг пытанняў, на якія цяжка адразу адказаць. Але адказаць на іх трэба. Нашыя продкі вельмі добра адказалі на выклікі свайго часу, зараз нашая чарга. Канешне, жыццё пакажа, наколькі нашае пакаленне здольнае добра здаць экзамен з веры. Толькі важна не пускаць гэта на самацёк. Мы як парафіяльная супольнасць адказныя за клімат нашай веры. Бо ад яго залежыць не толькі нашае асабістае развіццё як людзей веры, але і развіццё веры ў нашым асяроддзі, на які мы маем уплыў. Гэты клімат фарміруецца ў сям'і, у якой мы можам убачыць маленькую святыню, хатні Касцёл. Калі мы шануем наш хатні Касцёл, калі не робім з яго дому гандлю, то ён становіцца домам Айца і ўпрыгожвае парафіяльную святыню, у якой мы ўсе збіраемся разам. Варта аб гэтым задумацца, мае дарагія.

Другі аспект, на які сёння звяртае ўвагу Езус, - гэта параўнанне Яго цела да святыні. Езус паказвае незвычайную годнасць і веліч чалавечага цела, параўноўваючы яго да святыні. Апостал Павел некалі скажа ў Пасланні да Карынцянаў: «Ці ж вы не ведаеце, што вы — святыня Божая, і што Дух Божы жыве ў вас? А святыня Божая — святая, і вы ёй з’яўляецеся!»

Дарагія! Кожны грэх, нават самы дробны, кожная нявернасць, нават самая нязначная, кожнае зло, хоць на першы погляд і бяскрыўднае, накіравана на тое, каб знішчыць святыню нашай душы. Вораг нашага збаўлення хоча нас пераканаць, што ўсё ў нашым жыцці адносна, што дабро і зло - гэта спекуляцыі нашага розуму, што мы самі можам вырашаць, што для нас з'яўляецца дабром, а што злом. Тым часам гэта толькі падманлівая стратэгія д'ябла, які хоча не толькі зруйнаваць святыню нашага сэрца, але і любым коштам імкнецца, каб мы яе ніколі не адбудавалі.

І таму асабліва сёння Езус нам нагадвае аб шчырым пакаянні і веры, якія ўпрыгожваюць і ўмацоўваюць святыню нашых сэрцаў. Час Вялікага посту павінен абудзіць у нашым сэрцы руплівасць, падобную да руплівасці Езуса Хрыста. Нам не трэба замоўчваць грэх, нельга ісці на кампраміс з грахом, адзінае, што належыць учыніць — гэта звіць бізун і павыганяць са святыні нашага сэрца ўсё тое, што яе абражае і крыўдзіць.

Умілаваныя браты і сёстры! Сёння Езус нас заахвочвае да таго, каб мы былі адважнымі і не баяліся абараніць як святыню нашага сэрца, так і святыню, у якой збіраемся разам на Эўхарыстыю. Дзеля гэтага варта ўважліва слухаць Божае слова і прымаць яго да сэрца. А сённяшні евангельскі прыклад няхай для кожнага з нас паслужыць выдатным узорам хрысціянскай руплівасці, якая ніколі не згаджаецца са злом і заўсёды гатова змагацца за тыя вартасці, якія насамрэч з'яўляюцца святымі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by