Гамілія на V Нядзелю Вялікага посту (22 сакавіка) | Друк |
Нядзельнае казанне
20.03.2015 15:46

„Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам, — кажа Пан; і дзе Я, там будзе і слуга Мой”.

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Езус вельмі выразна нас запрашае да таго, каб мы Яго наследвалі ў сваім жыцці. Паколькі мы пакліканы да таго, каб служыць, зрэшты сам Езус выдатна на практыцы паказаў, што значыць служыць, то ў гэтым пакліканні да служэння вельмі важна абраць шлях, якім крочыў Хрыстус. Я – дарога, праўда і жыццё, – скажа Езус, а гэта ў сваю чаргу азначае, што ў Ім знаходзіцца сапраўдны шлях у праўдзе да жыцця, каб там, дзе прабывае Езус, былі і мы, Ягоныя слугі.

Што нам можа перашкаджаць на гэтым шляху? Вельмі вялікай перашкодай для нас з'яўляецца неўмеркаванае жаданне нешта мець, да якога натуральна імкнецца кожны чалавек.  І насамрэч, калі мы прыгледзімся да сваіх паводзінаў, то ўбачым, што імкненне да набытку у нас вельмі добра развіта. І гэта жаданне не толькі мець матэрыяльныя рэчы – яно датычыць і ўсіх іншых сфераў як асобы чалавека, так і яго адносінаў. Напрыклад, мы хочам мець не толькі нейкія рэчы, якія для нас жаданыя ці неабходныя, але мы таксама хочам мець добрых бацькоў, дзяцей, сяброў, настаўнікаў і г. д. І гэтае жаданне само па сабе добрае. Варта глянуць на гэтую справу з іншага боку. Мне самому трэба імкнуцца быць добрым чалавекам, каб для кагосьці быць добрым сябрам.

Свет, які для нас адкрывае Езус, мае крыху іншыя прынцыпы: я жыву, каб не толькі набываць і быць шчаслівым для сябе, але жыву яшчэ і для таго, каб іншых рабіць шчаслівымі. Я існую для кагосьці. І зрабіць кагосьці шчаслівым я магу па меры свайго сэрца. Чым больш любові ёсць у маім сэрцы, тым больш я магу жыць для іншых.

Мае дарагія! Жыццё сапраўднага хрысціяніна грунтуецца на тым, каб своечасова пераключыцца з уласнага імкнення  “мець” на імкненне “любіць”  і “быць” для іншых. А гэты жыццёвы прынцып вельмі цесна звязаны з ахвярнасцю і цярпеннем. Калі ад нас адыходзяць у вечнасць родныя ці блізкія, нашае сэрца як бы крывавіць, нават нібы нейкая частка нас памірае разам з імі. Страта таго, што ёсць маім, заусёды нясе за сабою цярпенне і пакуты, а чым большая вартасць гэтай страты, тым больш пакутуе маё сэрца.

Вось чаму найбольш балючы момант нашага жыцця - гэта страта кагосьці блізкага і дарагога, калі мы адчуваем выразны боль і шэраг іншых пачуццяў, з ім звязаных. У такія нялёгкія моманты вельмі часта сэрца бунтуецца, становіцца бяссільным, здаецца, што, губляючы грунт пад нагамі, жыццё не мае вялікай вартасці. І тады мы адчуваем, што шчасце нас пакінула. Бывае так, што віну ў падобнай страце мы прыпісваем Богу, які нас быццам бы карае. Толькі гэта не зусім так. Калі мы здольныя на боль і цярпенні зірнуць вачыма веры, то можам у такім выпадку заўважыць не столькі страту, колькі перамяненне. Перамяненне адной жыццёвай сітуацыі ў іншую. І гэтую думку мае на увазе Езус, калі кажа: “Калі зерне пшаніцы, падаючы на зямлю, не памрэ, застанецца адно, але калі памрэ, прынясе багаты плён. Той, хто любіць жыццё сваё на гэтым свеце, згубіць яго, а той, хто ненавідзіць сваё жыццё на гэтым свеце, захавае яго да вечнага жыцця”.

Пшанічнае зерне з’яўляецца толькі сімвалам неабходнасці смерці, каб набыць больш дасканалую форму жыцця. І Езус у сваім каментары вельмі вялікую ўвагу звяртае на словы “сваё жыццё”. Езус хоча кожнаму з нас сказаць, што чалавек, які падыходзіць да зямнога жыцця з празмернай прывязанасцю і ставіцца да яго толькі ў сэнсе набывання, губляе гэтае жыццё разам з тым, што набыў. Не столькі згубіць жыццё, колькі ўжо яго згубіў. А той, хто гэтае набыванне ў зямным жыцці разумее як магчымасць быць ахвярным для іншых, той жыццё захавае. Бо калі чалавек у сваім жыцці ўмее быць ахвярным, калі ён здольны дзяліцца ад сэрца, той мае скарб у нябёсах і вечнае жыццё.

Дарагія браты і сёстры! Набліжаючыся да таямніцы Хрыстовага Крыжа, у гэты час нашай інтэнсіўнай падрыхтоўкі да велікодных святаў, кожнаму з нас варта адкрыць наймудрэйшы спосаб перамены зямнога жыцця ў вечнае. Заключаецца ён у тым, каб мы змаглі ўбачыць, што ў нашым жыцці насамрэч з’яўляецца істотным, а што не. Калі мы пабудуем для сябе адпаведную іерархію каштоўнасцяў, схема якой змешчана ў Евангеллі, то запаведзь любові да Бога і бліжняга ў нас будзе не столькі тэорыяй, колькі практыкай усяго нашага жыцця. Іншая справа, што такі сур’ёзны падыход можа нас у нейкай ступені палохаць. Нічога дзіўнага. Сам Езус сцвярджае гэта: “Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў”.

Як у жыцці Езуса, так і ў нашым жыцці, дарагія браты і сёстры, настане гадзіна ахвяры, гадзіна цярпення ці хваробы нашага блізкага чалавека, а можа, я сам стану сведкам майго ўласнага цярпення. Настане такая гадзіна, калі нашае шчасце і радасць пачнуць нас пакідаць. Варта тады прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса аб зерні, кінутым у зямлю. А прыслухоўваючыся да гэтых словаў, важна ўсвядоміць, што калі зерне памрэ, то толькі тады дасць багаты плён.

Дарагія браты і сёстры! Вялікі пост - гэта той выдзелены нам момант часу, калі можам асаблівым чынам задумацца над таямніцай цярпення і смерці. Езус не раскрывае нам да канца гэтую таямніцу, але ўваходзіць у яе сам, даючы нам гарантыю, што цярпенням і смерці можна надаць сэнс. Калі Богачалавек цярпеў і памёр, то Ён не зрабіў гэта бессэнсоўна. Яго пакуты не былі дарэмнымі, але ўвесь час прыносяць багаты плён любові і прабачэння. Пасля крыжовай смерці Езус заззяў хвалою ўваскрослага. А зараз заахвочвае кожнага з нас, каб мы, з адвагаю перамагаючы боязь, у пакоры сэрца прынялі ўвесь цяжар клопатаў і жыццёвага досведу. Калі ж такая гадзіна у нашым жыцці яшчэ не надышла, то будзьма адважнымі, каб стаць побач з тым чалавекам, які ў сваім жыцці такую балючую гадзіну перажывае. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD


 
© 2003-2024 Catholic.by