Гамілія на XV Звычайную нядзелю (12 ліпеня) | Друк |
Нядзельнае казанне
10.07.2015 12:10

Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое…

Дарагія браты і сёстры!

Cёння Божае слова распавядае нам аб пакліканні. Асабліва выразна гэтая тэма прадстаўлена ў сённяшнім урыўку Евангелля. Хрыстус выбірае апосталаў, робіць іх Божымі пасланцамі. Божае пакліканне звязана з адпаведнай місіяй. У дадзеным выпадку Езус пасылае сваіх апосталаў па двое і дае ім таксама сваю ўладу, дзякуючы якой яны могуць выганяць злых духаў.

Візітнай карткай Хрыстовага вучня становіцца сціпласць і ўбоства: «І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак». Аднак самае істотнае - тое, што вучні ідуць прапаведваць Евангелле, Добрую Вестку, дзякуючы якой іншыя людзі будуць пазнаваць Хрыста і далучацца да будавання Божага Валадарства.

Апосталы ведалі, што адны людзі іх будуць прымаць з радасцю, іншыя з неахвотай, а яшчэ іншыя наогул будуць іх выганяць, выкрыкваючы штосьці ўслед. Аб гэтым казаў ім Езус, які добра ведаў гэтую нялёгкую місію нясення Добрай Весткі.

Аднак Езус клапоціцца пра ўсіх людзей: пра тых, якія прымаюць Евангелле, і пра тых, якія яго не прымаюць. Адносна апошніх Езус жадае, каб тыя, якія адкідваюць Добрую Навіну, абвешчаную апосталамі, мелі свядомасць свайго ўчынку і ўзялі за яго адказнасць; менавіта таму з вуснаў Езуса гучаць даволі суровыя словы: “Калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх”. Такім чынам Езус не праклінае, не ігнаруе непрымаючых Евангелле, але стварае атмасферу спрыяльную да іх навяртання.

Ведаеце, абвяшчэнне Добрай Весткі Хрыста чымсці падобнае да вандруючага продажу: людзі ходзяць па кватэрах і рэкламуюць пэўную прадукцыю - напрыклад, розныя вырабы, карысныя для дома. Стукае часам такі чалавек у дзверы і прапануе купіць штосьці са сваіх тавараў. Адны купляюць, іншыя прыходзяць да высновы, што ім нічога не патрэбна, і зачыняюць дзверы. Штосьці падобнае да сённяшняга Евангелля. Адны прымаюць, іншыя адкідваюць.

Толькі Божы пасланец ахвяруе, так скажам, “вырабы” значна большай вартасці. І чалавек, да якога звяртаецца вучань Хрыста, адказвае перад Богам як за прыняцце Добрай Навіны, так і за яе адкідванне. Езус хоча, каб тыя, хто не прымае Евангелле, усвядомілі, што робяць, што адкідваюць і каго не прымаюць, таму Ён кажа пакінуць на іх парозе пыл, стрэсены з ног. Гэты пыл будзе сведкам нявыкарыстанага шанцу. Для тых людзей Бог хацеў штосьці важнае сказаць, а яны проста не захацелі Яго слухаць. Таму абтрэсены пыл будзе сведчыць супраць тых, хто не прымае Бога ў свой дом, у сваё сэрца.

Шмат хто лічыць, што час навяртання можна адкласці на пазней. Няма ў нас ужо той камуністычнай сістэмы, прынамсі існуе свабода веравызнання даволі даўно, касцёлы таксама ёсць і святароў хапае.  Значыць, з навяртаннем можна пачакаць? Не! Навяртанне - гэта вельмі каштоўны дар, ласка, дадзеная самім Богам. Ён для кожнага з нас вызначае і прапануе свой час.

Калі Езус стукае ў дзверы нашага сэрца, трэба Яму адчыніць. Бо калі мы так робім, адцягваем жаданне навярнуцца да Бога, то мы падобныя да тых людзей, каму штосьці прапануецца, штосьці ім дораць ад сэрца, але яны не хочуць прыняць падарунак, бо кажуць, што зараз ён ім не патрэбны, але, можа, пазней, праз нейкі час, яны і захочуць, каб ім гэта падарылі. Нават па-чалавечы гэта брыдка выглядае. Дык вось, мае даражэнькія, ці хацелася б нам пасля такога адказу такім людзям дарыць штосьці зноў? Асабіста мне не хацелася б...

Дарагія! Калі Езус не дачакаецца і пойдзе ад нас, то мы можам не паспець Яго дагнаць, можам не паспець прыняць Яго ў сваё сэрца. Чаму? Бо ўвесь час адкладвалі сустрэчу з Богам на потым. Бог прыходзіць са сваёй ласкай, а нам яе прыняць не хочацца, адцягваем  і адцягваем. Таму вельмі балюча будзе чалавеку, які ігнаруе Божы заклік, не адчыняе дзверы свайго сэрца Езусу. На парозе яго душы будзе ляжаць толькі пыл…

Заклік Езуса з сённяшняга Евангелля датычыць не толькі тых, якія адкідваюць Божы дар, але і тых, якія гэты дар нясуць. Пасланец Хрыста, Ягоны вучань, павінен быць свядомы адказнасці за гэты вялікі Божы дар – вестку аб збаўленні. Вельмі шмат залежыць ад тых, хто навучае і прамаўляе. Але не ўсё. У значнай меры прыняцце Евангелля залежыць ад глебы чалавечага сэрца: ці здольнае яно прыняць, ці хоча яно прыняць Божае Слова.

Дарагія браты і сёстры! Тыя людзі, якія вандруюць і прадаюць нейкія тавары, могуць быць талерантнымі. Не купілі ў іх - ну і добра, пойдуць да іншых. Ім галоўным чынам важны толькі продаж, а не тыя, хто купляе. Ды і без такіх вырабаў можна пражыць, аднак Божая ласка для збаўлення неабходная. Калі хочаш збавіцца – трэба прыняць Божае Слова і гэтым Словам жыць кожны дзень. Ад нашага выбару залежыць наша вечнасць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by