Гамілія на ІІІ Звычайную нядзелю, Год С (24 студзеня) | Друк |
Нядзельнае казанне
22.01.2016 12:31

“Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным”.

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшні пачатак Евангелля паводле Лукі, які мы пачулі, перад тым, як паказаць пэўныя падзеі з жыцця Езуса Хрыста, інфармуе нас аб аўтары Евангелля, а таксама называе імя адрасата, да каго гэтае Евангелле скіравана. Тут мы сустракаем імя Тэафіл, якое нам амаль нічога не гаворыць.

Аднак гэтым “Тэафілам” у першую чаргу з’яўляемся мы з вамі, якія сустракаемся з Хрыстом, калі слухаем Евангелле. Калі казаць пра аўтара Евангелля, то ён узнікае перад намі як асоба, якая шукае праўду: “Паколькі многія браліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, хто ад пачатку быў відавочцам і слугою слова, вырашыў і я дакладна прайсціся па ўсім ад пачатку”.

Лука Евангеліст насамрэч змясціў у Евангеллі вельмі шмат падрабязнасцяў, якія сведчылі аб яго старанных пошуках, яго даследванні, якое мела на мэце пазнаёміць чалавека з Езусам Хрыстом, абудзіць веру ў тых людзях, якія яшчэ не спазналі Хрыста, а веруючыя сэрцы падбадзёрыць добрым прыкладам з жыцця Збаўцы.

Наогул Евангелле паводле Лукі з’яўляецца сведчаннем чалавека, які трывае ў пошуках. Паколькі для яго самога, для Лукі, пошук – гэта справа натуральная, то, магчыма, таму на старонках Евангелля ён піша аб пастухах, якія шукаюць Езуса ў стаенцы, аб Марыі і Юзафе, якія шукаюць Езуса ў святыні. Калі ўзгадаем сустрэчу сястры Лазара Марыі з Езусам або вучняў з Эмауса, то таксама можам заўважыць тэндэнцыю шукання, якая стала жыццёвым крэда евангеліста Лукі. А давайце ўспомнім некалькі прыпавесцяў, адны назвы якіх самі за сябе кажуць: прыпавесць аб добрым пастыры, які шукае згубленую авечку, жанчына, шукаючая драхму, і, канешне, прыпавесць аб марнатраўным сыне, які шукаў шчасця там, дзе яго ніколі не змог бы знайсці…

Дарагія! Пошук – гэта вельмі добрая справа, якая не толькі дазваляе нам знайсці тое, што мы згубілі, але і дазваляе адкрыць штосьці новае, можа, нават убачыць тую ж самую рэч, але ў іншым ракурсе. Калі чалавек у пошуках, то звычайна ён вельмі старанна пераглядвае матэрыялы, часта вяртаецца да таго, што ўжо раней не раз сустракаў. Тое ж самае і ў справах веры. Мы шмат разоў чытаем або слухаем Евангелле, і, калі трываем у пошуках, то заўсёды для сябе адкрыем нешта новае.

Здаецца, мы пачулі невялікі ўрывак Евангелля, які да гэтага часу вельмі шмат разоў трапляў у нашы вушы, але, напрыклад, сёння мы нешта адкрылі нанова, мы пачулі словы Езуса ў іншым кантэксце нашага жыцця. Вось таму, мае дарагія, у духоўным жыцці вельмі патрэбныя пошукі, каб адкрыць праўду, якую аб’яўляе Езус, каб гэтую праўду засвоіць і ёй жыць.  

Сёння мы становімся сведкамі пачатку місіі Езуса Хрыста, і сведчаць аб гэтым Ягоныя словы, прамоўленыя ў сінагозе: “Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным, і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана”. Пасля таго, як Езус прачытаў гэтыя словы, Ён сеў. Пастава чалавека, седзячага на адпаведным месцы ў сінагозе, азначала ягоны настаўніцкі аўтарытэт і дазваляла яму вучыць, настаўляць ці прапаведваць. Менавіта таму евангеліст Лука піша далей: “А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго”.

Езус пачынае тлумачыць прачытанае Божае слова і дае найбольш верагодную інтэрпрэтацыю гэтым словам: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі”. Бачыце: перад тым як вытлумачыць, Езус кажа, што дадзенае прароцтва, якое змяшчалася ў гэтых словах, выканалася. Такім чынам, карыстаючыся прывілеем настаўніцтва, Езус урачыста абвясціў, што з’яўляецца Месіяй, аб якім напісана ў кнізе прарока Ісаі, што Ён прыйшоў, каб абвясціць год ласкі Пана. Езус меў на ўвазе не толькі юбілейны год, які ізраэліты адзначалі раз у 50 гадоў, - дарэчы, гэта быў час, калі дараваліся даўгі і пакаранні, найбольш гэты год быў карысны для беднякоў, для тых, хто быў вялікім даўжніком. Езус меў на ўвазе юбілейны год у больш шырокім значэнні, бо прыйшоў да людзей, якія знаходзіліся ў патрэбе, асаблівым чынам у патрэбе Божай міласэрнасці.

Таму Езус сёння і нам паведамляе аб сваёй місіі, аб тым, што мы таксама маем магчымасць спазнаць год ласкі Пана, бо і нам неабходная Божая міласэрнасць. Даўгі і правіны абцяжарваюць нас, а Хрыстус прапануе аблегчыць нашую ношу. Ён згодны на тое, каб мы свае цяжары пераклалі на Яго плечы, гэтым самым становячыся свабоднымі ад граху і зла. Хрыстовы Касцёл вучыць нас, што мы можым быць настолькі свабоднымі, наколькі здольныя сваё жыццё падпарадкаваць Божай волі. Калі мы запросім у сваё сэрца Езуса Хрыста, то гэта нас зробіць свабоднымі. Бо ў сваёй місіі Езус жадае ўчыніць нас людзьмі свабоднымі.

Дарагія! Ніколі нельга аддзяляць Бога ад свайго жыцця. Гэта сур’ёзная памылка. Наадварот, сваё жыццё нам трэба збудаваць на еднасці з Богам, дзе наша вера і штодзённасць цесна пераплятаюцца; толькі тады нашыя пошукі будуць удалымі, а наша свабода сапраўднай. Бог прысутнічае з намі не толькі ў нядзелю падчас святой Імшы, і не толькі ў глыбіні нашага сэрца, асабліва калі нас прыцісне гора і мы ўспомнім, што Бог ёсць, але найбольш поўна Ён прысутнічае сярод нас, калі мы Яго шукаем, калі знаходзім у іншым чалавеку, калі старанна выконваем абавязкі веры. Вось тады можам быць упэўнены, што Бог не толькі прысутнічае сярод нас, але і благаслаўляе нам, дазваляе нам адчуць радасць Свайго сяброўства.

Умілаваныя браты і сёстры! Бог вельмі жадае ўвайсці ў наша жыццё, Ён горача прагне, каб нашыя пошукі не былі дарэмнымі, але ўвайсці ў наша жыццё Ён можа толькі тады, калі мы самі гэтага прагнем.

Апошнім часам можам заўважыць, што чалавек вельмі часта ігнаруе права, якое ўпісана ў яго натуру, і гэтым самым стварае сваё права. Магчыма, гэта адбываецца па той прычыне, што чалавек нашай эпохі ўсё радзей і радзей слухае, больш любіць сам гаварыць, чым кагосьці слухаць. Таму, мае дарагія, вельмі важна навучыцца слухаць, а ў духоўным жыцці слухаць Божае слова. Бо з гэтага слухання нараджаецца вера. Божае слова жывое і дае сведчанне аб жыцці. Менавіта таму Божае слова – гэта адначасова і дар, і заданне для нас. Каб нам не згубіць таго багацця, якое змяшчаецца ў Божым слове, вельмі важна яго слухаць. Бо нашыя жыццёвыя пошукі ў большай ступені залежаць ад нашага стараннага слухання. Бо аб тым, што мы чуем, мы разважаем, перажываем гэта ў сабе і выконваем. Год ласкі Пана, аб якім мы сёння чуем у Евангеллі – гэта дар Божай міласэрнасці, якой мы можам, а нават павінны скарыстацца. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by