Гамілія на XV Звычайную нядзелю, Год С (10 ліпеня) | Друк |
Нядзельнае казанне
08.07.2016 17:07

«Словы Твае, Пане, — гэта Дух і жыццё;
Ты маеш словы вечнага жыцця».


Дарагiя браты i сёстры!

Сённяшняе Божае слова прысвечана запаведзям Бога. Давайце разам задумаемся, дзеля чаго Бог нам дае гэтыя запаведзі і навошта нам іх выконваць.

Ствараючы чалавека, Бог пакiнуў у яго сэрцы маральны кодэкс, дзякуючы якому чалавек можа адрозніваць, што ёсць дабро, а што зло, як адрознівае правую руку ад левай. Кожны чалавек мае сумленне, i гэтае сумленне валодае асаблівай здольнасцю, чуласцю на думкі, словы i ўчынкi.

Аднак пасля першароднага граху чалавечае сумленне стала дэфармавацца, прывыкаць да зла, стала менш чулым, больш абыякавым, а нават самападманлівым, i гэта прывяло да таго, што ў Старым Запавеце Бог не пакiдае чалавека з яго грахоўнасцю, але першы iдзе насустрач, заключаючы запавет з чалавекам.

Запавет Бог заключае з чалавекам неаднаразова: мiж iншым, мы ведаем пра запавет з Ноем, з Абрагамам i, канешне, пра запавет, дадзены на гары Сiнай Майсею. Там Бог нагадвае чалавеку яго маральны кодэкс, якi ад пачатку быў дасканала ўпiсаны у чалавечую натуру сумлення. Каб яго нагадаць, Бог дае дзесяць запаведзяў, дэкалог, дзякуючы якому можна весці жыццё справядлiва i быць блiзка да Пана.

Таму Божыя запаведзі не з'яўляюцца па сваёй сутнасці абмежаваннем чалавека і яго свабоды. Яны, наадварот, яшчэ глыбей раскрываюць сутнасць свабоды чалавека, яго годнасць, заклікаюць да сыноўняй вернасці Богу як Айцу. Таксама яны дазваляюць чалавеку выхоўваць сябе ў праўдзе, паляпшаючы адносіны да самога сябе, да бліжняга, да Бога і наогул да ўсяго асяроддзя, у якім чалавек жыве. Таму запаведзі — гэта той жыццевы арыецір, без якога нам, людзям веры, самастойна не знайсці шлях да Бога. Гэта компас кожнага сумлення.

Таксама, як чуем у першым чытанні з Другазаконня, запаведзь не з'яўляецца чымсьці немагчымым для выканання, Бог не жадае ад нас немагчымага. «Гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе». Але надварот: «Гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго». Значыць, кожны з нас без выключэння пакліканы да жыцця паводле Божых запаведзяў.

Сённяшняе Евангелле раскрывае асноўную мэту і сэнс дадзеных Богам запаведзяў. Зразумець гэтую праўду нам дапамагае Езус, якога вырашыў выпрабаваць кніжнік. Ён добра ведаў, як атрымаць у спадчыну жыццё вечнае, таму запытаў аб гэтым Езуса толькі з адной мэтай: каб знайсці ў Яго мове, у Яго навучанні нейкую зачэпку, каб пазней было ў чым абвінаваціць.  

І калі Езус яму мудра адказаў пытаннем на пытанне, той працытаваў урывак з запаведзяў Торы, якіх было ажно 613. Кніжнік адказаў добра: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе». І Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць». Вось той адказ на пытанне кніжніка, які ён ведаў. Але, каб апраўдацца перад Езусам, кніжнік робіць выгляд, быццам бы не ведае, хто яго бліжні. Таму другое пытанне кніжніка было ўжо не выпрабоўваннем Езуса, а спробай нейкім чынам згладзіць, схаваць свой дрэнны намер, які ён меў напачатку.

А Езус, які выдатна ведае намеры і прагненні сэрца, не дазваляе існаваць крывадушнасці і няпраўдзе. Ен, які есць святлом, разганяе цемру ўсялякай няпраўды. Езус распавядае яму прыпавесць пра добрага самараніна. Звярніце ўвагу, дарагія браты і сёстры, на адну адметнасць. Габрэі не любілі самаран, не цярпелі іх наогул і не толькі з імі не размаўлялі, але па магчымасці стараліся нават не сустракацца. Гэтая непрыязнасць была ўзаемнай. Памятаеце, калі Езус са сваімі вучнямі хацеў увайсці ў адну з самаранскіх вёсак, каб там адпачыць у дарозе да Ерузалема, то жыхары гэтай вёскі іх не прынялі, і тады Якуб і Ян хацелі выклікаць агонь з неба, каб іх знішчыў.

А Езус у гэтай прыпавесці ставіць самараніна ў прыклад. Вымушае кніжніка здаровай чалавечай логікай прыйсці да высновы, што менавіта нейкі там самаранін з'яўляецца бліжнім, з'яўляецца героем гэтай прыпавесці, якога Езус ставіць яму ў прыклад. Не святара, не левіта, а нейкага самараніна, якога ніхто не цярпеў. Уявіце сабе, якую пакору павінен быў прыняць кніжнік, каб вызнаць гэтую праўду: «Той, хто паступіў з ім міласэрна» — той з'яўляецца бліжнім. А на заканчэнне гэтай размовы з кніжнікам Езус кажа: «Ідзі і ты рабі таксама».

Мае дарагія! Сёння Езус кожнаму з нас нагадвае асноўную запаведзь, якая павінна быць прынцыпам нашага хрысціянскага жыцця: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе». Калі мы гэтыя словы прымем у сэрца, калі зразумеем канчатковую мэту і сэнс Божых запаведзяў, калі ўсвядомім, хто ёсць наш бліжні, то выконваць гэтую запаведзь будзе значна лягчэй. А праз яе мы рэалізуем наша агульначалавечае пакліканне да святасці і да сапраўднага хрысціянскага жыцця. Таму і сёння Езус у нас пытаецца: «Хто твой бліжні?» Калі мы знойдзем у сабе адвагу адказаць на гэтае пытанне, то і да нас Езус звернецца падобнымі словамі: «Ідзі і будзь міласэрным». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by