Гамілія на ХІХ Звычайную нядзелю, Год С (7 жніўня) | Друк |
Нядзельнае казанне
03.08.2016 16:28

«Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».

Дарагія браты і сёстры!

Давайце паразважаем над больш доўгім фрагментам сённяшняга Евангелля, а менавіта пра тое, што нам сёння хоча сказаць Езус, калі кажа: дзе скарб ваш, там і сэрца вашае. Што для нас сёння азначаюць гэтыя словы?

Паглядзіце, прыпавесць, якую прамовіў Езус у сённяшнім Евангеллі, да канца не зразумелі нават апосталы: Пётр пытаецца: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці ўсім людзям?» Езус адказвае на гэтае пытанне, апавядаючы наступную прыпавесць падобнага зместу, толькі шырэй разгортваючы тэму. А якую тэму — на гэтым зараз мы з вамі засяродзімся.

Сёння, без сумніву, Езус нам кажа аб Валадарстве, якое Айцец дае веруючым, і аб тым, што гэтае Валадарства здабываюць убогія духам: «прадайце, што маеце, і дайце міласціну». Ці Езус хоча, каб мы сапраўды так радыкальна паступалі ў сваім жыцці: усе свае даброты прадавалі і раздавалі ўбогім? Напэўна, Яго словы маюць больш глыбокае значэнне, іх мы да канца не зразумеем, калі будзем глядзець павярхоўна. Матэрыяльныя даброты самі па сабе не з’яўляюцца злом, але служаць дзеля развіцця чалавека. Яны таксама сведчаць аб яго працы, праз матэрыяльнае дабро выражаецца годнасць чалавека. Гэтая годнасць робіць яго больш высакародным, асабліва калі ён умее дзяліцца сваім дабром з іншымі, з тымі, хто ў патрэбе. Дык як зразумець словы: «прадайце, што маеце»?

Дарагія! Апрача матэрыяльных дабротаў, існуюць даброты духоўныя. Можа, іх нельга адчуць праз дотык, нельга ўбачыць іх форму — бо яны знаходзяцца ў сэрцы чалавека. Духоўныя даброты нябачныя, але бачны іх вынік, іх прысутнасць у чалавеку. І ў першую чаргу да такіх скарбаў заклікае нас сёння Езус: зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах. А дзеля таго, каб зрабіць месца для падобных скарбаў, трэба пазбыцца ўсяго лішняга, што перашкаджае сэрцу ў набыванні вечнага скарбу. І гэтым месцам для нас з'яўляецца наша сэрца.

У Бібліі слова «сэрца» часта ўжываецца ў двух значэннях: прамым і пераносным. У прамым значэнні сэрца азначае цялесны орган чалавека, у якім заключаецца яго моц і жыццядайная сіла. У пераносным значэнні сэрцам з’яўляецца цэнтр духоўнага жыцця чалавека, найглыбейшыя куткі яго душы. Таксама сэрца — гэта месца прабывання пачуццяў, думак і волі. Вядомая справа, што ў Святым Пісанні часцей за ўсё слова «сэрца» ўжываецца менавіта ў пераносным значэнні.

Сённяшняе Евангелле звяртае ўвагу на асаблівае значэнне сэрца ў нашым жыцці: менавіта яно з’яўляецца тым каштоўным начыннем для скарбу, які нам дае Бог. Дзе мой скарб? Чым з’яўляецца гэты скарб? Калі ім не з’яўляецца зямное дабро — то што тады?

Гэты наш скарб, які схаваны ў глыбіні нашых сэрцаў, кожны з нас можа адкрыць і адчуць. Мы можам адчуць тое, што ён у нас ёсць. Напрыклад, можам задаць сабе такія пытанні: як я праводжу свой час, дадзены мне Богам? Добра яго выкарыстоўваю ці марную? Як я карыстаюся тымі дабротамі, якія маю? Ці выкарыстоўваю сваё ўменне, свае навыкі на карысць для сябе і іншых людзей? Або што ў жыцці робіць мяне шчаслівым?

Шэраг гэтых і падобных пытанняў можа нас неаднойчы ставіць у тупік. Можа, адказ мы не адразу знойдзем — важна тое, што мы яго шукаем. Прыйдзе час, калі тое, што я назбіраў у сваім жыцці, мне ўжо не будзе патрэбным, у лепшым выпадку гэтым пакарыстаюцца іншыя, але ўжо не я. І калі ў сваім жыцці мы не забываліся пра скарб, якім з’яўляюцца вечныя даброты, непрамінальныя, то такі скарб заўсёды будзе са мною, яго ніхто не забярэ, нават смерць. Ён будзе пры мне. Бо гэты скарб стане часткай мяне. А ў кладоўку майго сэрца ніхто не мае доступу, апрача Бога: бо туды злодзей ужо не пранікне і моль там не знішчыць. Таму так важна клапаціцца пра сэрца, каб менавіта туды збіраць непрамінальнае дабро.

Ведаеце, ужо само жыццё чалавека з’яўляецца скарбам. І створана яно Богам не дзеля таго, каб яго пражыць абы-як, бо яго вельмі лёгка можна змарнаваць і знішчыць праз дрэнныя звычкі, паводзіны, занядбанні і г.д. Але яно створана дзеля таго, каб яго годна пражыць на гэтай зямлі. Каб выканаць тое заданне, якое дае мне Бог: у сям’і быць верным мужам, жонкай, клапатлівым бацькам, маці; адказна прымаць рашэнні не толькі за сябе, але з клопатам пра сваю сям’ю. Бо важныя не толькі нашы патрэбы, але і тых, з кім я побач. Я павінен з гэтым лічыцца. Бо перад такім, а не іншым жыццёвым заданнем ставіць мяне Бог.

Дарагія! Нельга марнаваць дадзенага нам жыцця. Так, яно нам даецца толькі адзін раз, але да канца яно не наша. Мы адказныя за сябе і за іншых і таму заўсёды павінны быць падрыхтаванымі, каб разлічыцца за тыя скарбы і даброты, якія мы атрымалі ад Бога. А аб тым, што належыць быць заўжды падрыхтаванымі, сведчаць словы Езуса: будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Можа, мы самі дасканала не можам зазірнуць у нашыя сэрцы, каб там усё дакладна разглядзець. Але гэта можа паспяхова ўчыніць Бог, якому мы даручаем нашы сэрцы. Толькі Ён адзіны дасканала іх ведае. І нічога мы ад Яго не ўкрыем. Гэта мы, людзі, глядзім на знешнасць, на тое, што бачнае звонку, і, абапіраючыся на ўбачанае, робім высновы і прысуды. Бог жа зазірае ў глыбіню нашага сэрца і дасканала ведае наш стан, нашы пачуцці і эмоцыі. Ён ведае ўсю праўду пра нас. Таму толькі Бог здольны па-сапраўднаму перамяніць наша сэрца. Учыніць духоўную трансплантацыю. Але без нашай згоды і супрацоўніцтва Ён гэта не ўчыніць ніколі.

Бог, які стварыў гэты прыгожы свет, які мы з вамі можам назіраць і захапляцца гэтай прыгажосцю, стварыў чалавека, кожнага з нас, на свой вобраз і сваё падабенства, таму толькі Бог здольны стварыць «чыстае сэрца». Аб гэтым вельмі прыгожа напісана ў кнізе прарока Эзэхіі: «Я ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіцьу Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх».

Дарагія браты і сёстры! Божае слова, якім мы кормімся кожную нядзелю, або і часцей, здольнае перамяніць наша мысленне. А калі ўдзельнічаем у літургіі, калі спажываем Эўхарыстыю, то перамяняюцца нашы сэрцы, памнажаюцца ў іх нашы духоўныя скарбы, якія калісьці будзем прадстаўляць Богу. Споведзь і Эўхарыстыя — гэта тыя сакрамэнтальныя сродкі, якія дазваляюць нам стаць больш багатымі, больш напоўненымі Богам. Дзякуючы гэтаму мы зможам адкрыць у сабе большыя магчымасці, каб быць міласэрнымі, справядлівымі і здольнымі на прабачэнне і на любоў Бога і бліжняга. Ці гэта не ёсць сапраўдны скарб, аб якім павінен клапаціцца кожны з нас? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by