Святы Калюмбан, абат | Друк |

Святы Калюмбан, абатНарадзіўся ў 543 г. у Лейнстэры (Ірланлыя). У 569 г. уступіў у славуты бэнэдыктынскі кляштар у Бангоры і неўзабаве стаў у ім адным з найбольш вядомых настаўнікаў. У 590 г. разам з некалькімі братамі скіраваўся на поўнач Францыі, дзе ў бургундскім мястэчку Люксэй каля 593 г. заснаваў кляштар, які з цягам часу адыграў значную ролю ў фармаванні культуры ўсёй Заходняй Еўропы.

Ва ўсіх кляштарах, якія заснаваў Калюмбан, ён паслядоўна падтрымліваў ірландскую манаскую традыцыю. Ён стварыў свой уласны вельмі суровы статут, што выклікала непрыманне і крытыку пэўных асобаў. Калюмбан быў вымушаны шукаць падтрымкі ў Папаў: напачатку ў Грыгорыя І Вялікага, а потым у Баніфацыя ІІІ. Пасля таго як аўтарытэтны абат не пажадаў благаславіць пазашлюбных дзяцей караля Аўстразіі Тэадорыка ІІ і выступіў з асуджэннем амаральнага жыцця манарха, ён быў высланы на караблі ў Ірландыю. Аднак шторм выкінуў судна на бераг, пасля чаго Калюмбан разам з некалькімі братамі распачаў місіянерскую дзейнасць на тэрыторыі верхняга Рэйна. У 613 г. ён скіраваўся на поўнач Італіі і ў мястэчку Бобіо заснаваў свой апошні кляштар, дзе і памёр 23 лістапада 615 г. Яго рэліквіі да гэтага часу спачываюць у касцёле пры кляштары. Святы Калюмбан з’яўляецца апекуном Ірландыі; яго заступніцтва просяць пры псіхічных хваробах і пры небяспецы паводкі.

Успамін: 23 лістапада
Адноўлена 15.07.2009 17:45
 
© 2003-2024 Catholic.by