Святы Бэрнардын Сіенскі, святар | Друк |
Святы Бэрнардын Сіенскі, святарНарадзіўся 8 верасня 1380 г. у Маса-Марытыма (Італія). У адзінаццацігадовым узросце распачаў навучанне ва універсітэце, у 1402 г. уступіў у ордэн францішканаў і праз два гады прыняў святарскае пасвячэнне. Быў верным паслядоўнікам святога Францішка, жывучы ў беднасці, і ўсе іншыя трактоўкі францішканскага статуту лічыў здрадаю запаветам заснавальніка. Дзесяць гадоў Бэрнардын жыў у поўнай самоце і строгай аскезе, пасля чаго стаў брамнікам у францішканскім кляштары непадалёк ад Фларэнцыі.
З 1417 г. распачаў прапаведніцкую дзейнасць і пешкі абышоў амаль усю Італію, змагаючыся словам з амаральнасцю і рэлігійнай абыякавасцю, а таксама пашыраючы культ Імя Езуса. Сваімі пераканаўчымі і палымянымі казаннямі ён прыцягваў увагу як простых людзей, так і знакамітых асобаў. Яго прамовы ў касцёлах і на плошчах заўсёды збіралі вялікія натоўпы. З-за гэтага зайздроснікі абвінавацілі харызматычнага прамоўцу ў распаўсюджанні забабонаў, у выніку чаго яму часова забаранілі прапаведваць, але пасля публічнага багаслоўскага дыспуту, на якім Бэрнардына падтрымаў яго сябра святы Ян Капістран, Папа адмяніў забарону. Маючы бясспрэчны аўтарытэт, Бэрнардын выступаў пасрэднікам і прымірыцелем у спрэчках прадстаўнікоў розных партый і ў канфліктах паміж гарадамі-дзяржавамі.

З 1438 па 1442 г. ён быў генеральным вікарыем ордэна францішканаў-абсервантаў, якія строга прытрымліваліся статуту заснавальніка, але пасля ізноў вярнуўся да вандроўнага прапаведніцтва. Зняможаны і падобны на шкілет, Бэрнардын дайшоў да Аквілы, дзе памёр 20 мая 1444 г. ва ўрачыстасць Унебаўшэсця. Святы Бэрнардын з’яўляецца апекуном публіцыстаў і ткачоў, яго заступніцтва просяць ад хваробаў горла і лёгкіх.

Успамін: 20 мая
Адноўлена 15.07.2009 17:42
 
© 2003-2024 Catholic.by