Святы Павел ад Крыжа, святар | Друк |
Святы Павел ад Крыжа, святарПавел Францішак Данэі нарадзіўся 3 студзеня 1694 г. у П’емонце (Італія) у вельмі пабожнай сям’і і ўжо ў маладосці меў моцныя містычныя перажыванні. У 19-гадовым узросце пайшоў дабравольцам у венецыянскае войска, каб абараняць веру ў змаганні з туркамі. Праз два гады змяніў вайсковы мундзір на чорную вопратку пакутніка і сорак дзён правёў разам з братам у самоце, у пасце і малітве. У гэты час ён напісаў статут законнай супольнасці пасіяністаў, і ў 1725 г. Папа Бэнэдыкт ХІІІ дазволіў Паўлу ад Крыжа стварыць гэтую супольнасць.

Неўзабаве быў заснаваны першы кляштар, але напісаны Паўлам статут быў настолькі суровы, што Папа Бэнэдыкт ХІV перад тым як канчаткова зацвердзіць кантэмпляцыйна-апостальскую супольнасць Мукі Езуса Хрыста трохі яго змякчыў. Супольнасць хутка развівалася, і Павел, які асабіста заснаваў 12 кляштараў, у 1769 г. стаў яе генералам. Праз два гады ён заснаваў першы жаночы кляштар пасіяністак. Апошнія гады свайго жыцця Павел ад Крыжа правёў у Рыме, дзе і памёр 18 кастрычніка 1775 г. Ужо пры жыцці многія вернікі лічылі яго святым. Павел ад Крыжа з’яўляецца нябесным апекуном заснаванай ім супольнасці пасіяністаў.

Успамін: 19 кастрычніка
Адноўлена 15.07.2009 17:37
 
© 2003-2024 Catholic.by