Святая Кацярына Сіенская, панна і доктар Касцёла, апякунка Еўропы | Друк |
Святая Кацярына Сіенская, панна і доктар Касцёла, апякунка ЕўропыКацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў.

Паводле ўласных словаў святой, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім гераічным хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі святую за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год.

Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. Святая Кацярына Сіенская заслужана лічыцца найвыдатнейшай жанчынай у хрысціянстве. Яна з’яўляецца апякункай Італіі і Еўропы; яе заступніцтва просяць хворыя на чуму і тыя, хто пакутуе ад галаўных боляў.

Успамін: 29 красавіка
Адноўлена 15.07.2009 17:19
 
© 2003-2024 Catholic.by