Мц 14, 13-21 | Друк |
03.08.2014 03:00

«Паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу»

У той час:

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.

Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.

Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by