Мц 13, 10-17 | Друк |
24.07.2014 03:00
«Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена»
У той час:

Вучні падышлі да Езуса і спыталіся: Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях? Ён сказаў ім ў адказ: Таму што вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо таму, хто мае, дадзена будзе, і атрымае ў дастатку, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. І спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, якое кажа:

Слухаць будзеце і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце і не ўбачыце.
Бо жорсткае сэрца народа гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я аздаравіў іх.

Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і не пачулі.
 
© 2003-2025 Catholic.by