Лк 12, 39-48 | Друк |
22.10.2014 03:00
«Каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат»
У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Тады сказаў Пётр: Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам, ці ўсім людзям?

Пан жа сказаў: Хто ж ёсць верным і разумным эканомам, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар, калі прыйдзе, знойдзе, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй маёмасцю сваёй. Калі ж слуга гэты ў сэрцы сваім скажа: “не хутка прыйдзе гаспадар мой”, – і пачне біць слугаў і служанак, есці, і піць, і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў той дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І жорстка пакарае яго, і спаткае яго лёс няверных. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. А той, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат з яго; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць. 
 
© 2003-2026 Catholic.by