Лк 9, 51-62 | Друк |
26.06.2016 03:00

Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем. Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.  

Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да  Валадарства Божага.
 
© 2003-2026 Catholic.by