| Мц 22, 1-14 | | Друк | |
| 18.08.2016 15:16 |
|
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных
У той час: Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць
першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да
караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў слугаў сваіх
паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў
паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў
гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё
падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле! Але яны пагардзілі і
адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы
слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады
ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі.
Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I
слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і
добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы
паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную
вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай
вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і
рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў. |