| Лк 19, 11-28 | | Друк | |
| 16.11.2016 03:00 |
|
«Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот». У той час: Езус расказаў прыпавесць, бо Ён быў блізка да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства. Таму
сказаў: Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую
краіну, каб стаць каралём і вярнуцца. Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў,
даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: Зарабляйце, пакуль не вярнуся. Але
грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы:
Не хочам, каб валадарыў над намі. Калі ж ён стаў каралём і
вярнуўся, сказаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб
даведацца, што яны зарабілі. Прыйшоў першы і сказаў: Гаспадáру, твая
міна прынесла дзесяць мінаў. І сказаў яму: Выдатна, добры слуга; за тое,
што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі. Прыйшоў
і другі, кажучы: Гаспадáру, твая міна прынесла пяць мінаў. І сказаў
гэтаму: І ты валадар над пяццю гарадамі. Прыйшоў і іншы, кажучы:
Гаспадáру, вось твая міна, якую я трымаў, загарнуўшы ў хустку, бо я
баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш
чаго не сеяў. Гаспадáр сказаў яму: Паводле вуснаў тваіх суджу цябе,
кепскі слуга. Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну,
чаго не сеяў, чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я прыйшоў і
забраў яго з прыбыткам? І сказаў тым, хто стаяў побач:
Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мінаў. І сказалі
яму: Гаспадáру, ён ужо мае дзесяць мінаў. Кажу вам, што кожнаму, хто
мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. А тых
ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і
забіце іх перада мною.
|