Лк 1, 5-25 | | Друк | |
19.12.2016 03:00 |
«Арханёл Габрыэль прадказвае нараджэнне Яна Хрысціцеля». У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар па імені Захарыя, з
роду Абія. Жонка ягоная была з роду Аарона; і было імя яе Альжбета.
Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле
ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была
бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце. Калі Захарыя па
вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле
святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. Усё ж
мноства народу малілася звонку падчас каджэння. І з’явіўся
яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І
збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго. Анёл
жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка
твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян. І будзе табе
радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе
вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і
напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. І многіх з сыноў
Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. І пойдзе перад Ім у духу і моцы
Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да
разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы. І
сказаў Захарыя анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў
старым узросце. І сказаў анёл яму ў адказ: Я, Габрыэль, стаю
перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе добрую вестку. І
вось будзеш ты маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца,
за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час. Народ
жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі ён
выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што меў аб’яўленне ў
святыні. Ён жа гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.
|