Мц 1, 1-25 альбо (карац.) 1, 18-25 | Друк |
24.12.2016 03:00

«Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда».

Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам быў бацькам Ісаака; Ісаак — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юды і ягоных братоў; Юда быў бацькам Фарэса і Зары, маці якіх была Тамар. Фарэс быў бацькам Эзрома; Эзром — бацькам Арама, Арам – бацькам Амінадаба; Амінадаб — бацькам Наасона; Наасон — бацькам Сальмона; Сальмон — бацькам Бааза, а маці была Рахаб. Бааз быў бацькам Абэда, а маці была Рут. Абэд быў бацькам Есэя, а Есэй быў бацькам караля Давіда.

Давід быў бацькам Саламона, а маці ягоная была ранейшая жонка Урыі. Саламон быў бацькам Рабаама; Рабаам — бацькам Абія; Абій — бацькам Асы; Аса — бацькам Язафата; Язафат — бацькам Ярама; Ярам — бацькам Осіі; Осія — бацькам Яатама; Яатам — бацькам Ахаза; Ахаз — бацькам Эзэхіі; Эзэхія —бацькам Манасэса; Манасэс — бацькам Амона; Амон — бацькам Ёсіі; Ёсія — бацькам Ехоніі і ягоных братоў падчас вавілонскага перасялення.

А пасля вавілонскага перасялення Ехонія быў бацькам Салятыэля; Салятыэль — бацькам Зарабабэля; Зарабабэль — бацькам Абіюда; Абіюд —бацькам Эліяхіма; Эліяхім — бацькам Азора; Азор — бацькам Садока; Садок — бацькам Ахіма; Ахім — бацькам Эліюда; Эліюд — бацькам Элеазара; Элеазар — бацькам Маттана; Маттан — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да вавілонскага перасялення — чатырнаццаць, і ад вавілонскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”.

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не збліжаўся да Яе, аж нарадзіла Сына. І ён даў Яму імя Езус.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by