Мц 2, 1-12 | Друк |
06.01.2017 03:00

«Прыйшлі пакланіцца Яму».

Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, вось мудрацы з усходу прыбылі ў Ерузалем, кажучы: Дзе нованароджаны кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Месія?

Яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Валадар, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля.

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзіце і старанна шукайце Дзіця, калі ж знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі.

І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль не прыйшла і не стала над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру.

І папярэджаныя ў сне, каб не вярталіся да Ірада, іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by