Мц 19, 16-26 | Друк |
17.01.2017 03:00

«Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю».

У той час:

Да Езуса падышоў адзін чалавек і сказаў: Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?

Ён адказаў яму: Чаму пытаешся ў мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі. Той кажа Яму: Якія? Езус адказаў: Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе.

Юнак кажа Яму: Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне? Езус кажа яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай бедным, так здабудзеш скарб у нябёсах; прыходзь і ідзі за Мною.

Пачуўшы сказанае, юнак адышоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасць.

Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам: цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.

Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: Дык хто ж можа быць збаўлены?

Паглядзеўшы, Езус сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by