«Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі».
Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка,
што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца
каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх. Прыйшлі да Яго чацвёра, якія
неслі спаралізаванага. Не маючы магчымасці прынесці яго да Езуса з-за
натоўпу, разабралі страху, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі
насілкі, на якіх ляжаў спаралізаваны. Езус, убачыўшы веру іх, сказаў
паралізаванаму: Дзіця, даруюцца табе грахі твае.
Там жа
сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: Чаму ён так
гаворыць? Ён блюзнерыць: хто можа дараваць грахі, калі не сам Бог? Езус,
адразу ж даведаўшыся ў духу сваім, што яны так думаюць, сказаў ім: Чаму
так думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй: ці сказаць паралізаванаму
«даруюцца табе грахі твае», ці сказаць «устань, вазьмі насілкі свае і
хадзі?» Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць
грахі, — і кажа паралізаванаму: Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае
ды ідзі да дому свайго. Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў
перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы, што ніколі
такога не бачылі.
|