Мк 9, 14-29 | Друк |
20.02.2017 03:00

«Веру, дапамажы майму нявер’ю».

У той час:

Калі Езус разам з іншымі сышоў з гары і падышоў да сваіх вучняў, Ён убачыў каля іх вялікае мноства людзей і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. І адразу, як убачылі Яго, усе людзі вельмі здзівіліся і пабеглі прывітаць Яго.

Ён спытаўся ў іх: Пра што спрачаецеся з імі?

І адказаў Яму адзін з натоўпу: Настаўнік, я прынёс да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. І дзе б ні схапіў яго, кідае яго, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі.  

Езус сказаў ім ў адказ: О, нявернае пакаленне, дакуль Я буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне. І прынеслі яго да Езуса. І  калі дух убачыў Езуса, адразу застрос хлопца, а той зваліўся на зямлю і качаўся, пускаючы пену.

Езус спытаўся ў ягонага бацькі: Як даўно гэта здараецца з ім? Той адказаў: З дзяцінства. Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, злітуйся над намі і дапамажы нам.

Езус жа сказаў яму: Калі можаш! Усё магчыма для таго, хто верыць.

Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: Веру, дапамажы майму нявер’ю.

Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь ў яго. І, закрычаўшы, той моцна скалануў хлопца і выйшаў. І ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: Ён памёр. Але Езус узяў яго за руку і падняў, і ён устаў.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні спыталіся ў Яго сам-насам: Чаму мы не змаглі выгнаць яго? Ён сказаў ім: Гэты род нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай.
 
© 2003-2025 Catholic.by