Мк 9, 2-13 | Друк |
18.02.2017 03:00

«Перамяніўся перад імі».

У той час:

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.

І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць “уваскрэснуць”.

І пыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што першым павінен прыйсці Ілля? Ен сказаў ім: Сапраўды, Ілля прыйдзе першым і адновіць усё. А як напісана пра Сына Чалавечага, што Ён павінен шмат выцерпець і быць пагарджаным. Але кажу вам: Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як і напісана пра яго.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by