12.04.2017 03:00 |
«Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага».
У той час:
Адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт,
пайшоў да першасвятароў і сказаў: Што хочаце мне даць, і я выдам вам
Яго? Яны вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. І з таго часу ён шукаў
нагоды выдаць Яго. У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і
сказалі Яму: Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці Пасху? Ён
адказаў: Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: Настаўнік
кажа: Час Мой блізкі; у цябе зраблю Пасху з вучнямі Маімі. Вучні ўчынілі
так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі Пасху.
Калі ж настаў
вечар, Ён узлёг за сталом з Дванаццаццю. І калі яны елі, сказаў:
Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. І вельмі засмуціўшыся,
яны пачалі казаць Яму адзін за адным: Але ж не я, Пане? А Ён сказаў у
адказ: Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын
Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які
выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца. Юда,
які збіраўся Яго выдаць, сказаў у адказ: Але ж не я, Раббі? Езус кажа
Яму: Ты сказаў.
|