Ян 13, 21-33. 36-38 | Друк |
11.04.2017 03:00

«Адзін з вас Мяне выдасць... Певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне».

У той час, калі Езус быў са сваімі вучнямі, моцна ўзрушыўся і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас Мяне выдасць. Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа.

Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса. Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб ён даведаўся, хто гэта можа быць, пра каго Ён кажа. Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў: Пане, хто гэта?
Езус адказаў: Той, каму Я намачу і падам кавалак хлеба. І намачыў кавалак, і падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. І пасля спажыцця кавалка ўвайшоў у яго д’ябал.

І Езус сказаў яму: Што робіш, зрабі хутчэй. Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму. Паколькі Юда меў каліту з грашыма, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: Купі, што нам трэба на свята, альбо каб даў што-небудзь убогім. А ён, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч.

Калі ён выйшаў, Езус сказаў: Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго.

Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: Куды Я іду, вы пайсці не можаце.

Кажа Яму Сымон Пётр: Пане, куды Ты ідзеш?

Адказаў яму Езус: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але пойдзеш за Мною пасля.

Сказаў Яму Пётр: Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе. Адказаў яму Езус: Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by