Ян 12, 1-11 | Друк |
10.04.2017 03:00

«Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання».

За шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Езус уваскрасіў. Прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале. Марыя ж узяла фунт каштоўнага пахучага алею з сапраўднага нарду і намасціла Яму ногі, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. І ўвесь дом напоўніў пах алею. Сказаў тады Юда Іскарыёта, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: Чаму не прадалі гэтага пахучага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім? А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзеем і, маючы каліту, забіраў тое, што туды кідалі. Сказаў яму Езус: Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.

І шмат хто з Юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшоў не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара, бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by