Мц 28, 1-10 | Друк |
15.04.2017 03:00

«Ён уваскрос з мёртвых і вось апярэджвае вас у Галілеі ».

Калі мінула субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.

Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых і вось апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам.

І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю пабеглі паведаміць вучням Ягоным. І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: Вітайце. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Езус: Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць.
 
© 2003-2025 Catholic.by