Ян 21, 1-14 | Друк |
21.04.2017 03:00

«Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу».

У той час:

Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Дыдым, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не.

А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.

Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою.

І калі выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу.

Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

 

 
© 2003-2025 Catholic.by