Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць]
Слова біскупа Дзям’янкі на заканчэнне набажэнства ў першую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка
2012-07-23 13:14:21

21 ліпеня 2012 г., пінская катэдра

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас жалобнай святой Імшы за памерлага кардынала Свёнтка
2011-07-22 19:08:13

23 ліпеня 2011 г., мінская архікатэдра

«Зла не пабаюся, бо Ты са мною» (пар. Пс 23 (22), 6)

1. Глыбокапаважаныя ўдзельнікі жалобных урачыстасцяў!

Гэтыя словы рэспансарыйнага псальма вельмі добра акрэсліваюць асобу кардынала Казіміра Свёнтка, якога Бог паклікаў да сябе на 97 годзе жыцця, пасля доўгай і вельмі цяжкай хваробы. Яны як быццам перадаюць галоўную яго рысу — не баяцца зла, бо Бог з намі.

2. Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі развітваецца са сваім верным сынам, сведкам веры і жывым мучанікам. Ён развітваецца з чалавекам-легендай і выдатным пастырам, які стаў яго знакавай фігурай і які ніколі не губляў надзеі, нават насуперак надзеі.

Завяршылася багатае падзеямі і трагічнае жыццё першага ў сучаснай гісторыі нашай краіны беларускага кардынала.

Нарадзіўшыся ў Эстоніі, ён усё сваё жыццё звязаў з нашай зямлёй і прысвяціў яго абвяшчэнню Евангелля. Гэта быў нялёгкі шлях, на якім ён перажыў шмат цяжкасцяў, ажно да камеры смерці ў Брэсце і дзесяці гадоў у лагерах у Марыінску, Варкуце і Інце. Калі начальнік лагера, пераглядаючы яго справу, спытаў: «Як магло стацца, што чалавек з такой гісторыяй застаўся жывым?», ксёндз Свёнтэк адказаў: «Так хацеў Бог!»

3. У гэтым заключаецца таямніца кардынала Казіміра Свёнтка — у абсалютным даверы Богу. Бо і жыццё на свабодзе не было лёгкім. Трэба было бараніць веру. Трэба было навучаць дзяцей і моладзь праўдам веры, калі гэта было забаронена. Трэба было адбудоўваць касцёлы. Трэба было клапаціцца пра новыя пакліканні. Усё гэта трэба было чыніць у той час, калі сонца атэізму рабіла краіну духоўным Чарнобылем. Але Свёнтэк трываў, як трывалі падобныя яму святары, якія дваіліся і траіліся, каб толькі духоўна дапамагчы людзям. Ён трываў з надзеяй, што ўсё зменіцца на лепшае і краіна ажыве духоўна. І не памыліўся. Сёння не баюся сказаць, што калі б не было святароў фармату Казіміра Свёнтка, то не было б і нас.

4. Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя — гэта перыяд пачатку адраджэння. Актыўная дзейнасць ксяндза прэлата Казіміра Свёнтка не засталася незаўважанай у Ватыкане. І калі прыйшоў адпаведны час, благаслаўлёны Ян Павел II прызначыў яго першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і адначасова Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З уласцівай яму энергіяй і надзеяй ён распачаў адбудову Касцёла на Беларусі. Сярод многіх праектаў яго служэння прыярытэтнымі былі — адбудова Мінскай катэдры і адкрыццё семінарыі ў Пінску. І гэта яму ўдалося. Менавіта таму і сённяшняе развітанне з кардыналам Казімірам Свёнткам адбываецца ў адноўленай яго намаганнямі мінскай катэдры, за што мы шчыра дзякуем яму. Без цябе, дарагі кардынал, не было б гэтай катэдры.

Асаблівым клопатам кардынала было развіццё пастырскай дзейнасці, чаму вельмі паспрыяў праведзены ім Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай і Пінскай дыяцэзій.

Клапаціўся памерлы кардынал і пра развіццё мас-медыя і навучанне рэлігіі. Ён заснаваў выдавецтва «Pro Christo» і Баранавіцкі катэхетычны каледж.

Нямала намаганняў ён прыклаў для ўстанаўлення і развіцця дыялога з  грамадствам і будавання ў ім згоды. Шмат было зроблена ў галіне паляпшэння міжхрысціянскіх і міжрэлігійных адносін.

Прыкметнай была яго актыўнасць і ў жыцці паўсюднага Касцёла. Як вельмі дарагога госця, яго ўсюды запрашалі і хацелі паслухаць жывога сведку веры. Яго сведчанне было новым абвяшчэннем Евангелля ў секулярызаваным свеце.

5. Сучасны свет запомніў кардынала Свёнтка як выдатнага пастыра, арганізатара і абаронцу свабоды рэлігіі, якая з’яўляецца падмуркам усялякай свабоды, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI. Гэтыя яго намаганні былі адзначаны шматлікімі касцёльнымі і міжнароднымі ўзнагародамі, сярод якіх трэба ўзгадаць узнагароду «Fidei testis» — «Сведка веры» і званне Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна Францыі.

6. Будучы такім высокапастаўленым іерархам Каталіцкага Касцёла, кардынал Казімір Свёнтэк заставаўся простым чалавекам. У яго можна было вучыцца запальваючаму гумару, радасці святарскага служэння, энтузіязму, прастаце ў афіцыйных сустрэчах. Адным словам, яго чалавечнасць была зачароўваючай, а святарства — прароцкім.

7. Асабліва важным з’яўляецца тое, што ў гэтым служэнні Богу, Касцёлу і людзям кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды прытрымліваўся слоў Евангелля, у якіх Хрыстус заклікае да чування. Прытрымліваўся сам і заклікаў да гэтага іншых. Ён ведаў добра, што наша Айчына ў небе, і сам рыхтаваўся да яе.

Адзін са святароў Пінскай дыяцэзіі пасля смерці кардынала распавёў аб наступным здарэнні. Некалькі дзён таму яму прысніўся сон, у якім ён пайшоў на чыгуначны вакзал і там убачыў кардынала Казіміра Свёнтка. Спытаў ў яго, што ён тут робіць. Кардынал адказаў: «Чакаю, бо мае дакументы не гатовы». Святар хутка паехаў у бальніцу, умоўна удзяліў яшчэ раз адпушчэнне грахоў. На наступную ноч новы сон. Святар ізноў на вакзале, а кардынала ўжо няма. Праз кароткі час прыйшла вестка, што Бог паклікаў да сябе вернага свайго слугу. Кардынал «ад’ехаў» у Валадарства Божае.

8. Дарагія браты і сёстры!

Так можна коратка прадставіць жыццёвы шлях памерлага пастыра Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэтая постаць нас здзіўляе, і мы ёю ганарымся.

Аднак прыклад жыцця, сведчання і навучання такой значнай асобы не павінен замкнуцца ў рэліквіярыі ўспамінаў. Асоба святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка павінна вучыць нас любіць Бога і бліжняга, быць моцнымі сваёй верай і хрысціянскім сведчаннем, мець надзею нават насуперак надзеі.  У яго мы павінны вучыцца таму, што прыгожа і праўдзіва. Яго прыклад павінен дадаць адвагі слабым, узнесці ўгору параненыя сэрцы і перадаць наступным пакаленням пасланне Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». «Бо Ён нічога не адбірае, а толькі дае», — як кажа папа Бэнэдыкт XVI.

9. У наш складаны час, Беларусі неабходна жыць гэтымі ідэямі, каб шляхам дыялогу, прабачэння, міласэрнасці і ўзаемнай пашаны, на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць шчаслівую Беларусь, чаму сваё жыццё прысвяціў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк.
 
Эмінэнцыя, сёння мы схіляем перад табой свае галовы, дзякуем табе за вернасць хрысціянскай веры і святарскаму пакліканню. Дзякуем за тваё чалавечае, святарскае і біскупскае служэнне. Дзякуем за твой прыклад.

Сваімі малітвамі на тваёй труне пішам пажаданні першых хрысціянаў: «Жыві ў Хрысце, бо жыццё ў Хрысце з’яўляецца жыццём у вечнай славе». А ты з акна дому Нябеснага Айца благаславі нам. Амэн.

 
Сястра Бэрнадэта Клім: у цярпеннях кардынал Свёнтэк цалкам аддаваўся Богу
Копировать
2011-07-25 12:32:59

Сястра Бэрнадэта Клім MSF была побач з кардыналам Казімірам Свёнткам на працягу яго хваробы, была тою асобай, якая падтрымлівала святой памяці іерарха, размаўляла з ім, асобай, у якой кардынал нават часам пытаўся парады.

 
Кардынал Аўдрыс Бачкіс: кардынал Свёнтэк паказаў вялікую любоў да беларускага народа
Копировать
2011-07-23 18:45:26

Кардынал Казімір Свёнтэк захапіў мяне сваёй энергічнасцю і пачуццём гумару, -- аздначыў у інтэрв’ю для Catholic.by Мітрапаліт Віленскі кардынал Аўдрыс Бачкіс. Літоўскі іерарх назваў спачылага кардынала жывым прыкладам мужнасці і таксама заклікам ніколі не здавацца.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас пахавальнай святой Імшы за памерлага кардынала Казіміра Свёнтка ў пінскай катэдры
2011-07-24 20:12:35
25 ліпеня 2011 г.

“Хто давярае Табе, не будзе расчараваны” (пар. Пс 25(24), 3).

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, ўдзельнікі сённяшніх жалобных урачыстасцяў!

1. Гэтыя словы псальма вельмі добра характарызуюць асобу памерлага кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта ён быў тым чалавекам, які да канца даверыўся Богу.

Так было ў час, калі ён пачуў голас паклікання да святарства; калі з надзеяй распачаў святарскае служэнне; калі знаходзіўся ў камеры смерці ў брэсцкай вязніцы і смерць заглядала ў вочы; калі вайна несла разруху і знішчэнні, і адбірала надзею; калі знаходзіўся ў лагерах; калі трэба было нанава распачынаць служэнне ў пінскай катэдры, якая доўгі час заставалася без святара, і аднаўляць яе; калі трэба было духоўна адраджаць высахлыя ў часы атэізацыі чалавечыя душы, падобна як высахлыя пінскія балоты пасля неабдуманых працэсаў меліярацыі; калі напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшла новая надзея; калі трэба было распачаць біскупскае служэнне ва ўзросце 77 гадоў; калі благаслаўлёны Ян Павел II за вернасць, сведчанне і ахвярнае служэнне прызначыў яго першым у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кардыналам; калі трэба было адбудоўваць касцёльныя структуры, мінскую катэдру, семінарыю ў Пінску; калі трэба было правесці Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, калі ўжо падчас свабоды веравызнання прыйшлі новыя выклікі секулярызму  і г. д.

2. Абсалютны давер Богу быў пуцяводнай зоркай памерлага кардынала, якога Бог паклікаў да святарскага і біскупскага служэння як адпаведнага чалавека і ў адпаведны час.

Добра памятаю, як падчас візіту Яго Эмінэнцыі Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа ў пінскую катэдру 7 верасня 1988 г. ксёндз Казімір Свёнтэк уручыў яму ад рукі напісаны малітоўнік, з просьбай перадаць яго папу Яну Паўлу II як сведчанне нязломнай веры нашых людзей і надзеі, што вера ператрывае ганенні. Гэты жэст зрабіў вельмі вялікае ўражанне на кардынала і ўсіх прысутных. Гэтым жэстам тады яшчэ святар Казімір Свёнтэк хацеў сказаць, што, нягледзячы на тое, што нас прыціскаюць і не даюць нармальна дзейнічаць, мы трываем, бо давяраем Богу.   

На наступны год, падчас святкавання 50-годдзя святарства Свёнтка, прыбылы на гэтыя ўрачыстасці Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі ў Драгічыне біскуп Уладзіслаў Ендрушук ад усяго сэрца дзякаваў яму за яго мужнасць, вытрываласць і ахвярную пастырскую працу ў вельмі складаных умовах.

Усім вядома, як высока цаніў мужнасць кардынала Свёнтка благаслаўлёны Ян Павел II, Калі заходзіла гаворка пра яго, то ў Папы свяціліся вочы.

Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у спачувальнай тэлеграме ў сувязі са смерцю кардынала ўзгадаў пра яго адважнае сведчанне, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў асабліва цяжкія часы, а таксама пра энтузіязм, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння сваёй краіны. А ватыканскае выданне «L’Osservatore Romano» за 22 ліпеня 2011 г. назвала беларускага іерарха непахісным дрэвам ў хвіліну шторму, сведкам веры, іконай постсавецкага каталіцызму, сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі і яго надзеі.

3. Сёння мы стаім над труною памерлага кардынала Казіміра Свёнтка і ўспамінаем яго як неардынарнага чалавека, жывога мучаніка і сведка веры, таленавітага пастыра, здольнага арганізатара, знакавую фігуру нашага часу. У Пінску – горадзе, які ён вельмі любіў, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне і біскупскую сакру і дзе правёў большую частку свайго жыцця, завяршаецца яго зямны шлях. Для яго ўжо завяршыўся час, гадзіннік яго жыцця стаў, але засталася вечнасць. Застаўся дом нябеснага Айца, да якога ішоў усё сваё доўгае, багатае і адначасова вельмі трагічнае жыццё і да якога на працягу свайго 72-гадовага святарскага служэння вёў людзей.

Гэтую праўду аб жыцці і смерці хрысціяніна нагадвае нам сённяшняя жалобная ўрачыстасць. Мы жывём на зямлі, але жывём для Бога і неба. Ходзім рознымі жыццёвымі шляхамі, але ўсе яны сыходзяцца ў адным, які вядзе да дому нябеснага Айца. Нашы гады мінаюць як трава, але Ты, Божа, трываеш на векі. Гэтыя словы жалобнай літургіі падыходзяць нават і такому доўгажыхару, якім быў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк.

Хоць засмучае нас смерць кардынала, аднак мы павінны глядзець на яе праз прызму праўды аб Уваскрасенні Хрыста. Менавіта гэтая праўда нагадвае пра тое, што са смерцю чалавека не завяршаецца яго жыццё. І вузенькая сцяжынка, якая вядзе да магілы – гэта не апошні шлях, але пачатак новага жыцця. Гэтай праўдзе ўсё сваё жыццё навучаў кардынал Казімір Свёнтэк і сёння сам яе дасведчыў.

4. Апошнія дні ў Касцёле ў Беларусі і ў паўсюдным Касцёле трывае малітва за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта найперш малітва ўдзячнасці за яго святарскую вернасць, служэнне і сведчанне, і адначасова малітва аб Божай міласэрнасці.

Яго багатае і адначасова трагічнае жыццё, цяжкая хвароба і смерць, а таксама наша малітва маюць сваю сімволіку. Мы верым, што нішто ў нашым жыцці не з’яўляецца выпадковым, што Бог кіруе жыццём кожнага з нас. Таму складанае жыццё кардынала Свёнтка, але адначасова жыццё верай, надзеяй, нават насуперак надзеі, і любоўю да кожнага чалавека, нават таго, хто пераследаваў яго, цяжкія цярпенні, якімі ён паводле слоў святога апостала Паўла дапоўніў цярпенні Хрыста, і яго смерць хочуць нам сказаць нешта вельмі важнае. А менавіта тое, што ён да канца заставаўся верным як хрысціянскаму, так і святарскаму пакліканню. Быў пастырам па прыкладу Езуса Хрыста – Добрага Пастыра; пастыра, які не пакінуў свайго статку ў гадзіну цяжкага досведу; пастыра, заданнем якога з’яўляецца вучыць, асвячаць і праз служэнне ў любові кіраваць народам Божым. Гэтыя абавязкі ён верна выконваў да канца свайго жыцця і дзякуючы гэтаму заслужыў вялікі аўтарытэт як у Касцёле, так і ў грамадстве.

5. Хрыстус кажа, што Ён ёсць праўда, дарога і жыццё і ніхто не прыходзіць да нябеснага Айца, як толькі праз Яго. Кардынал Свёнтэк добра ведаў гэтую ісціну і вучыў ёй іншых. Менавіта таму, што ёсць адна нязменная праўда – гэта Хрыстус і Яго Евангелле. Ёсць адна дарога, якая вядзе да сапраўднага жыцця, – гэта Хрыстус. Ёсць адно сапраўднае жыццё – гэта таксама Хрыстус. Ён вучыў будаваць жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі, каб яно было шчаслівым тут, на зямлі, і прывяло ў дом нябеснага Айца.

Служачы гэтай ісціне, па прыкладу Добрага Пастыра ён не шкадаваў сябе. Стаўшы біскупам ва ўзросце 77 гадоў, ён прыняў на сябе новы крыж, які трэба было насіць не на грудзях, але на плячах. На ім спраўдзіліся словы Езуса, якія Ён сказаў апосталу Пятру: калі ты быў малады, падпярэзваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, то выцягнеш рукі твае, і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды не хочаш. Свёнтэк дазволіў, каб Хрыстус яго падперазаў і павёў. Калі падчас біскупскай кансэкрацыі ён сказаў “так”, то ўсё іншае, акрамя служэння па прыкладу Добрага Пастыра, ўжо не існавала. І так было на самой справе, аж да апошняй хвіліны жыцця. Яшчэ калі быў свядомы перад апошняй аперацыяй, то выказваў сваю вялікую заклапочанасць праблемамі і жыццём Касцёла.

6. Сёння, у дзень пахавання кардынала Казіміра Свёнтка, мы ўсё больш і больш усведамляем яго веліч як сведка веры і добрага пастыра. Адыйшоў да Бога чалавек, верны Богу і Касцёлу, чалавек, адкрыты на сучасны свет і яго праблемы, чалавек, які добра ведаў, што сучасны свет патрабуе новага выканання місіі Хрыста - ісці і навучаць, навучаць, нават калі б і здавалася, што сучасны свет не прымае гэтага навучання. Адным словам, у сваім вельмі шаноўным узросце ён імкнуўся да новай евангелізацыі, да якой так моцна заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II і якую рэалізуе Бэнэдыкт XVI.

У гэтым была яго веліч і адначасова скарб для Касцёла. Такім быў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк – сведка веры, яе абаронца і прамоўтар, працавіты і ахвярны пастыр, выдатны арганізатар і адначасова просты ў зносінах з іншымі людзьмі чалавек.

За ўсё гэта, і не толькі, мы сёння схіляем свае галовы перад табою, дзякуем табе і перапрашаем за магчымыя непаразуменні. Дзякуем Богу, што даў Касцёлу ў Беларусі і паўсюднаму Касцёлу такога правідэнцыяльнага пастыра. Даручаем цябе Божай міласэрнасці. Няхай Маці Божая Вастрабрамская, выяву якой ты змясціў у сваім біскупскім гербе і якой даверыў сваё біскупскае служэнне, прывядзе цябе перад аблічча міласэрнага Бога, каб жыў у Ім навекі. Амэн.

 
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пра памерлага кардынала Казіміра Свёнтка
2011-07-22 12:36:20
Насталі дні жалобы і роздуму, і канешне ж, такі час павінен быў наступіць. Кожны чалавек мае свой акрэслены час, які дае нам Бог. Пан Бог адарыў кардынала Казіміра Свёнтка даволі працяглым часам. Гэта сапраўды ласка ад Бога — пражыць такое доўгае і багатае досведам жыццё. Мы ведаем, што ён спазнаў шмат цярпенняў, пасля семінарыі быў арыштаваны, сядзеў два месяцы ў камеры смерці, пазней быў вызвалены, потым зноў арыштаваны і асуджаны на дзесяць гадоў лагераў у Варкуце — у Сібіры, у краі зла. Аднак Божая ласка паспрыяла таму, што ён вярнуўся ў свой любімы горад Пінск, дзе скончыў духоўную семінарыю і атрымаў святарскае пасвячэнне. Вярнуўся да катэдры, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне, каб працягваць Божую справу, каб абвяшчаць Евангелле ў цяжкія часы — часы атэізму і камунізму.

Кардынала я першы раз сустрэў у 1991 г. Аб ім перад гэтым, канешне ж, чуў, калі быў яшчэ ў Вільні, але яшчэ не меў магчымасці з ім спаткацца. Аднойчы мы ехалі ва Украіну, гэта быў дзесьці 1979 год, але тады я не знайшоў кардынала, які быў у той час пробашчам. Мне не было дадзена яго ўбачыць, хаця катэдру я наведаў. Тады я захапляўся гэтай прыгажосцю Божага храма, якую стварыў кардынал Казімір Свёнтэк сваімі стараннямі. Мне ўдалося спаткацца з гэтым знаным святаром толькі ў 1991 г., калі ў гродзенскай катэдры кс. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў волю Святога Айца Яна Паўла ІІ, што кс. прэлат Казімір Свёнтэк і я атрымліваюць намінацыю біскупаў. Ксёндз прэлат быў намінаваны арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім, а я — біскупам Гродзенскім. І менавіта гэты момант я вельмі добра памятаю, калі мы стаялі ў прэзбітэрыі і чакалі абвяшчэння гэтых намінацый, нібыта ахвярныя баранкі. Для мяне гэта было вельмі нечакана і было даволі цяжкім крокам. Вельмі цяжка было прымаць рашэнні, абавязкі, якія з гэтага вынікаюць, і я, натуральна, разумеў усю адказнасць, якую павінен прыняць, і тое, што мяне чакае ў будучыні. І ў імгненне вока таксама ўзнікла думка: я ж маладзейшы, а каля мяне стаіць святар, якому 77 гадоў. Але я ведаў, што ён моцна трымаецца, і гэта мяне супакоіла, надало мужнасці. Думаў пра сябе: гэты святар, нашмат старэйшы за мяне, які мог бы быць маім бацькам, так моцна трымаецца.

Пазней, канешне, адбылося прыняцце біскупскай сакры. Ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк атрымаў біскупскае пасвячэнне ў Пінску 21 мая 1991 г., калі я не памыляюся, гэта быў аўторак. Пазней і я атрымаў біскупскае пасвячэнне — гэта адбылося праз два дні, 23 мая, у чацвер. Тады я спяшаўся на біскупскае пасвячэнне ў Пінск, і, памятаю, мы нават трошкі заблукалі, у апошнія хвіліны прыехалі, каб узяць удзел, ужо як кандыдаты да біскупства, у пасвячэнні кс. прэлата Казіміра Свёнтка.

Канешне, першыя гады служэння не былі лёгкімі: было шмат розных спраў, дакументаў. Былі таксама новыя адносіны ўладаў, бо ўжо даўно ў Беларусі не было біскупаў. Але дзякуючы досведу гэтага добрага святара, які, загартаваны гэтымі справамі, меў даволі вялікі багаж вопыту, яму было лягчэй вырашаць розныя праблемы, з якімі сутыкаўся Касцёл у Беларусі. Мы сустракаліся разам, і пазней, калі біскупскае пасвячэнне атрымаў кс. Антоні Дзям’янка, была арганізавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, створаная з трох чалавек. І мы дзякуем Пану Богу за дар такога цудоўнага чалавека, які сапраўды вельмі шмат цярпеў як святар і пазней як кардынал у гэтай цяжкай хваробе. Гэта нібыта знак досведу, які, як золата, ачышчаецца ў агні. Так і тут мы бачым Божыя планы.

Кардынал меў вельмі вялікі давер да Бога на працягу ўсяго жыцця. Таксама ўвесь час ён успамінаў, што тое, што ён стаў святаром, адбылося дзякуючы біскупу Зыгмунту Лазінскаму, які вёў яго праз усё жыццё і дапамагаў яму. І ведаю, што ён быў вельмі рады, што ўжо ў час яго жыцця біскуп Лазінскі быў абвешчаны благаслаўлёным. Напэўна, кардынала ён будзе падтрымліваць ужо там, у вечнасці, і кардынал, думаю, ужо спаткаўся са сваім настаўнікам і кіраўніком, да якога пры вырашэнні цяжкіх пытанняў і крокаў заўсёды звяртаўся. Кардынал таксама вельмі часта ўспамінаў, што біскуп Лазінскі дапамагае яму, натхняе, суправаджае па жыцці, дапамагае ў вырашэнні цяжкіх і заблытаных спраў. Спадзяюся, што аб гэтым мы таксама молімся, верым у еднасць святых, у тое, што гэтыя два біскупы сустрэліся, і, напэўна, святой памяці кардынал будзе таксама апекавацца Касцёлам у Беларусі з дому Айца. Маем на гэта надзею, але і молімся аб супакоі яго душы.

Хоць кардынал Свёнтэк быў адораны такім працяглым жыццём — амаль 100 гадоў — для чалавека гэта заўсёды хутка прамінае. Я б хацеў скончыць гэтае разважанне прыгожымі словамі ксяндза і паэта Яна Твардоўскага, які сказаў: «Давайце будзем спяшацца любіць людзей, бо яны так хутка адыходзяць».

 
Галоўны ўрач пінскай бальніцы: жыццё кардынала Свёнтка — гэта подзвіг
Копировать
2011-07-21 14:12:08

«Гэта быў чалавек, які не баяўся смерці. З ім было вельмі прыемна размаўляць. Па ўсяму ў ім адчувалася, што жыццё даецца для таго, каб служыць сваёй справе», — так у інтэрв’ю для Catholic.by акрэсліў асобу кардынала Казіміра Свёнтка галоўны ўрач Пінскай цэнтральнай бальніцы Віктар Асачук, дзе апошнія месяцы свайго жыцця знаходзіўся іерарх.

 

Усяго 7 матэрыялаў адзначана цэтлікам Кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.