Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Маладзечна — Св. Юзафа]
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас дыяканскіх пасвячэнняў
2010-11-12 11:23:54
Маладзечна, 14 лістапада 2010 г.

Падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра перадаюць галоўную думку сённяшніх чытанняў, калі мы набліжаемся да завяршэння літургічнага года і ўжо праз тыдзень будзем святкаваць урачыстасць Хрыста Валадара сусвету. Касцёл сёння заклікае падняць нашы галовы ўверх, а не зацыклівацца толькі на зямных справах. Нам трэба памятаць аб вечным, бо мы створаны для жыцця вечнага.

Сімвалічна, што падчас сённяшняй Эўхарыстыі два нашых семінарыста атрымаюць дыяканскія пасвячэнні і тым самым стануць удзельнікамі службовага святарства Езуса Хрыста ў першай яго ступені, каб праз сваё служэнне і далейшую святарскую фармацыю дапамагаць людзям глядзець уверх і імкнуцца да Бога, пакладаючы надзею не толькі на справы матэрыяльныя, але і на духоўныя.

2. У гэтым сэнсе сімвалічным з’яўляецца прароцтва Езуса з сённяшняга Евангелля аб разбурэнні Ерузалемскай святыні.

Мы ведаем, што многія людзі хочуць ведаць сваю будучыню. Яны звяртаюцца да варажбітак і захапляюцца гараскопамі. Гэта не што іншае, як ашуканства.

Не заўсёды могуць прадказаць будучыню нават і спецыялісты. Хто яшчэ нядаўна мог сказаць, што свет закране такі працяглы эканамічны крызіс, які мы перажываем у наш час? Усё было добра, і тут нечакана і нягадана — такі моцны крызіс.

У 1962 г. музычная кампанія «The Decca Recording Co» зрабіла вялікую памылку, ацэньваючы ігру англійскага гурту «Бітлз» з Ліверпуля і заяўляючы, што музыка пад гітару адыходзіць са сцэны. Жыццё паказала, што ўсё наадварот.       

Нават метэаралогі, якія выкарыстоўваюць найноўшыя дасягненні навукі, не могуць на 100 працэнтаў прадказаць надвор’е.

Нездарма кажуць, што прадказанне — няўдзячная справа.

Аднак у сённяшнім Евангеллі Езус заняўся менавіта прадказаннем, калі нагадаў пра разбурэнне Ерузалемскай святыні, якая была сімвалам выбранага народу. Апосталы не маглі паверыць, што такое можа стацца, бо для іх яна была падмуркам жыцця. Яны казалі: паглядзі, Настаўнік, якія вялікія камяні, які будынак! Найменшы з камянёў важыў 2-3 тоны. Многія важылі па 50 тон. Найбольшы меў памеры 12 м даўжыні на 3 м вышыні і важыў сотні тон. Камяні былі такімі вялікімі і цяжкімі, што сцены трымаліся самі сабой без ніякага звязуючага матэрыялу. Яны ўздымаліся ўверх на 120 м. Святыня, плошча якой была каля 18 гектараў, магла змясціць каля 250 тысяч чалавек. У сучасным свеце няма такога вялікага будынку.

Таму зразумела здзіўленне апосталаў, якія пытаюць пра знак. Езус жа распавядае пра цяжкасці, якія будуць чакаць іх. Аднак Ён дае і надзею, кажучы, што ў адпаведны час дасць мудрасць і дар мовы, якім не змогуць супрацьстаяць ганіцелі.

3. Чаму нас вучыць гісторыя з прадказаннем разбурэння Ерузалемскай святыні, якое на самой справе здзейснілася ў 70 г. нашай эры? Ад велізарнай і вельмі прыгожай святыні засталася толькі адна сцяна, якую яўрэі называюць сцяной плачу, бо там моляцца, чакаючы адраджэння Ерузалемскага храма.
 
Усе мы шукаем трывалага падмурку нашай веры. Мы будуем касцёлы і капліцы. Аднак самі іх сцены без Езуса Хрыста, без спаткання ў іх з Езусам Хрыстом не будуць гэтым падмуркам. Мы просім Бога даць нам адпаведны знак, як гэта прасілі апосталы ў сённяшнім Евангеллі. Аднак, калі ў ім не будзем бачыць знаку дзеяння Бога, то і ён не стане гэтым падмуркам. Таму лагічна, што толькі Езус застаецца падмуркам нашай веры.

Дзякуючы служэнню святароў, мы сустракаемся з Ім у касцёле. Шлях да святарства вядзе праз дыяканскае пасвячэнне.

4. Падчас гэтай святой Імшы два вашых сыны, браты, блізкія і знаёмыя стануць удзельнікамі святарства Новага Запавету ў якасці дыяканаў. У сённяшнім другім чытанні з Дзеяў Апосталаў мы чулі, як апосталы выбралі сем годных мужоў і праз малітву і ўскладанне рук удзялілі ім дыяканскае пасвячэнне.

Тыя, каго сёння пасвячаюць у дыяканы, пасля больш чым пяцігадовай фармацыі ў Пінскай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага і пастырскіх практык былі прызнаны адказнымі за іх падрыхтоўку годнымі да прыняцця сану дыякана.

Паразважаем уважліва, да якой годнасці яны пакліканы, якія функцыі  будуць выконваць у Касцёле і якія абавязкі мець.

Паводле навучання Касцёла і традыцыі, заданнем дыякана з’яўляецца абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, вучыць людзей праўдам веры, узначальваць малітву, хрысціць, благаслаўляць сужэнствы, удзяляць святую Камунію, адносіць віятык паміраючым, узначальваць пахаванні, а таксама выконваць служэнне любові да бліжняга. Выконваць усе гэтыя функцыі ён павінен так, каб вернікі ў ім бачылі вучня Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць іншым.  

Для выканання гэтага служэння кандыдат у дыяканы складае абяцанні цэлібату і паслухмянасці біскупу. Слуга алтара павінен быць свабодным у служэнні Богу, Касцёлу і людзям, а таксама быць дыспазіцыйным касцёльнай уладзе. Яго ідэалам павінен быць Хрыстус Добры Пастыр.

5. Дарагія кандыдаты ў стан дыяканату, вы прымаеце пасвячэнне ў асаблівы час, калі свет жыве так, быццам Бога няма, калі захапляецца імкненнем да багацця і прыемнасцяў і імкнецца да абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца. Гэта этычна хворы і дрэйфуючы да маральнага самазнішчэння свет. Калі ён не распазнае знакаў прышэсця Хрыста, то яго чакае лёс Ерузалемскай святыні, бо будаванне жыцця толькі на матэрыяльных каштоўнасцях без духоўных з’яўляецца будаваннем на пяску. Таму сучасны свет патрабуе новай евангелізацыі. Гэта азначае — новага, у адпаведнасці са знакамі часу і яго выклікамі, абвяшчэння Евангелля, новага разумення значэння сакрамэнтальнага жыцця і новага хрысціянскага сведчання. Для выканання гэтага задання Касцёлу патрэбна новая здаровая кроў у постаці новых слуг алтара, здольных дапамагчы людзям адарваць позірк ад зямлі і падняць уверх, каб дасягнуць збаўлення.

Робячы сёння першы крок у святарства, памятайце, што вас чакае далейшы шлях чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі, каб Бог завяршыў справу, якую сёння распачынае, і каб вы, калі прыйдзе час і касцёльная ўлада прызнае вас годнымі і падрыхтаванымі, маглі стаць сапраўднымі святарамі Новага Запавету, чаго ад усяго сэрца вам жадаю. Амэн.

 
Гамілія спецыяльнага папскага пасланца кардынала Юзафа Томко ў XXVIII Звычайную надзелю, Год С
2010-10-10 12:59:26
10 кастрычніка 2010 г., парафія Св. Юзафа ў Маладзечне

З радасцю цэлебрую гэту эўхарыстычную літургію на вашай цудоўнай зямлі. Як ведаеце, папа Бэнэдыкт XVI накіраваў мяне сюды на 300-гадовы юбілей кансэкрацыі катэдральнага касцёла ў Мінску, які мы ўчора адзначалі. Святы Айцец такім чынам хацеў выказаць пашану не толькі вашаму святу, але і ўсёй вашай краіне.

 
Маладзечна — парафія Св. Юзафа
2008-08-12 12:54:42
Маладзечна — касцёл св. Юзафа
Фота globus.tut.by

Адрас:
вул. Каханоўскага, 21
222310 г. Маладзечна
Маладэчанскі р-н
Мінская вобл.
Рэспубліка Беларусь

Тэл.:     8 01773 7 16 28
            8 01773 3 60 71
Факс:    8 01773 7 11 72

бРасклад набажэнстваў (магчымы змены)

  • Св. Імша ў нядзелю — 10.30, 13.00, 17.00
  • Св. Імша ў будні — 10.00, 18.00; сб — 10.00, 17.00
ыЗ гісторыі парафіі

Першая парафія ў Маладзечне ўзгадваецца з 1499 г., касцёл св. Юзафа быў пабудаваны ў 1930-я гг., зачынены ў 1956 г. і пасля знішчаны, парафія адроджана ў 1990 г., новы касцёл кансэкраваны ў 1997 г.
 

Усяго 3 матэрыялаў адзначана цэтлікам Маладзечна — Св. Юзафа.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.