Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Скаўты]
Скаўтынг — стыль жыцця і няспынныя прыгоды
Копировать
2011-07-19 13:47:45

З кожным годам усё часцей у парафіях Беларусі ствараюцца групы, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу (FSE). Мы часам бачым маладых людзей у формах на ўрачыстасцях, але часцей за ўсё не ведаем, хто ж такія скаўты і чым яны займаюцца. Саtholic.by вырашыў выправіць памылку і паразмаўляць на гэты конт з начальнікам cекцыі скаўтаў парафіяльных скаўцкіх груп Беларусі Паўлам Граковічам.

 
Словы Біскупа Антонія Дзям’янкі да скаўтаў (2006 г.)
2009-07-18 13:45:47
1. Бог чакае ад моладзі перамены

Пра тое, чаго Бог чакае ад моладзі, вельмі трапна гаворыцца ва ўрыўку са Святога Евангелля, у якім размова ідзе пра маладога хлопца і размнажэнне хлеба і рыбы (пар. Ян 6, 1–13). Евангеліст Ян апавядае, што вялікі натоўп хадзіў за Езусам. Гледзячы на ўсіх гэтых людзей, Езус запытаўся ў апостала Філіпа: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?» Гэта было правакацыйнае пытанне, паколькі ў дадзенай сітуацыі знайсці хлеб для такой вялікай колькасці галодных людзей было вялікай цяжкасцю. Вучні слушна заўважылі, што «хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталася хоць крыху». На самай справе Езус хацеў выпрабаваць іх веру: Ён разлічваў не на тое, што ўдасца здабыць даволі шмат матэрыяльных дабротаў, але на тое, што вучні захочуць велікадушна ахвяраваць свае сціплыя запасы. Ахвярнасць — гэта ўнутраны стан, які нарадзіўся ў сэрцы хлопца, што ахвяраваў пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы. Вучні лічылі, што гэта вельмі мала «для такога мноства». Але Езус ацаніў добры намер вашага равесніка. Ён узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў прысутным, пасля чаго ўчыніў падобнае з рыбамі. Тое, на што не асмельваўся разлічваць чалавечы розум, дзякуючы Езусу і ахвярнаму сэрцу хлопца стала рэчаіснасцю.

Тое, што ўчыніў гэты малады чалавек, з’яўляецца заданнем для кожнага з вас. Вы павінны стаць, як гэты хлопец з Евангелля, ахвярнымі супрацоўнікамі перамены, якая сфармуе вашую будучыню. Перамена маладога чалавека можа быць таксама названа сталасцю або фармаваннем уласнай асобы. Для таго, каб гэта адбылося, вы павінны добра ўсведамляць, што маеце, кім з’яўляецеся, якімі талентамі надзеліць вашыя душы Бог Айцец. Кажучы моваю Евангелля, вы павінны даць свой рахунак з гэтых пяці хлябоў і дзвюх рыбаў. Вы павінны нанава адкрыць сваю каштоўнасць як асобаў, у якіх Дух Божы прабывае быццам бы ў святыні.

Шляхам, на якім адбываецца пазнанне сябе, неабходнае для таго, каб стаць сталым чалавекам, цалкам сфармаванай асобай, з’яўляецца вера і аскеза.

 
2. Уплыў аскезы на фармаванне сталай асобы

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «Няма святасці без самаахвяравання і без духоўнай барацьбы. Духоўны прагрэс патрабуе аскезы і ўтаймавання цела, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці дабрадзейства» (ККК 2015).

Першым крокам аскезы і ўтаймавання цела з’яўляецца пазнанне самога сябе. Яно патрабуе высілку і самаахвяравання. У Евангеллі чытаем словы: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (1 Ян 8–9). Такім чынам, кожны чалавек мае ў сабе неўпарадкаванасць, якая знішчае належны падыход да справы, да іншых асобаў і да Бога. Вызваленне ад гэтых вынікаў першароднага граху з’яўляецца паказчыкам сталасці асобы і веры. Святы Аўгустын нагадвае вельмі важны прынцып, стымулючы нас да працы над сабою: «Бог стварыў цябе без цябе, але не збаўляе цябе без цябе».

Са здзіўленнем мы можам прачытаць у Катэхізісе, што вынікам паслаблення аскезы, зніжэння чуйнасці да сябе, занядбання развіцця нашага духу з’яўляюцца дэпрэсія і роспач (ККК 2733). Аскеза ж вядзе да пазнання сваёй слабасці, адкрыцця таго, што наша воля вельмі лёгка паддаецца розным спакусам. Чалавек, які практыкуе самаахвяраванне і ўтаймаванне цела, даходзіць да пакоры як першага плёну аскезы. Хто пакорны, той не здзіўляецца сваёй бядзе, бо яна вядзе яго да большай веры і вытрымкі ў сталасці. Дэпрэсія і роспач з’яўляюцца вынікам адкрыцця сваёй бяды, якой увогуле не чакалася. Мы здзіўленыя сваёй слабасцю і не можам пагадзіцца з такім станам.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у Лісце да моладзі Рыму напісаў наступныя словы пра шлях аскезы і ўтаймавання цела: «Безумоўна, гэта выбар складанага шляху, але адзінага, які дае сапраўдную свабоду і шчасце, бо задавольвае глыбокае жаданне, якое Бог удыхнуў у сэрца кожнага чалавека. Сапраўдная свабода ёсць там, дзе прабывае Дух Хрыста (пар. 2 Кар 3, 17). На гэтым заснавана вечная маладосць Евангелля, якое аднаўляе людзей, культуры і свет» (п. 5).

 
3. Рэлігійныя патрабаванні дапамагаюць нам у фармаванні асобы

Трэба сказаць, што абавязкі, якія вынікаюць з веры, найглыбей пранікаюць у чалавечую душу, а праз гэта фармуюць больш сталую асобу чалавека. Пятая касцёльная запаведзь гаворыць, што мы павінны захоўваць абавязковыя пасты. Мы маем таксама такія літургічныя перыяды, як Вялікі пост або кожную пятніцу, якія заахвочваюць нас да аскезы і пакаяння. Пладом іх прыняцця ёсць «ўтаймаванне нашых схільнасцяў і свабода сэрца» (пар. ККК 2048).

Вельмі цэннай з’яўляецца практыка рэгулярнай споведзі са штодзённых грахоў. Гэта наказана не абавязкова, але Касцёл вельмі рэкамендуе гэта рабіць. Частая споведзь дапамагае фармаваць сумленне, змагацца з дрэннымі схільнасцямі. Часцей атрымліваючы праз сакрамэнт пакаяння дар міласэрнасці Бога Айца, мы заахвочаныя быць такімі ж, як Ён, міласэрнымі для іншых. Святы Аўгустын казаў, што пачаткам добрых учынкаў з’яўляецца вызнаванне дрэнных учынкаў. У адным са сваіх твораў ён напісаў: «Той, хто вызнае свае грахі, ужо дзейнічае разам з Богам. Бог асуджае твае грахі; калі ты таксама іх асуджаеш, яднаешся з Богам. Чалавек і грэшнік — гэта ў некаторым сэнсе дзве рэчаіснасці; калі размова ідзе пра чалавека, то яго ўчыніў Бог; калі пра грэшніка, то яго ўчыніў чалавек. Знішчы тое, што ты ўчыніў, каб Бог збавіў тое, што Ён учыніў... Калі ты пачынаеш цурацца таго, што ўчыніў, тады пачынаюцца твае добрыя ўчынкі, бо ты асуджаеш свае дрэнныя ўчынкі».

 
4. Сталая асоба — гэта не толькі чалавечая справа

Высілак чалавечага навяртання, якое з’яўляецца асноваю сталай асобы, гэта не толькі чалавечая справа. Гэты высілак — плод пакаяння чалавека, яго ганарлівага сэрца святлом Божых праўдаў веры. Ён з’яўляецца адказам на пазнанне міласэрнай любові Бога, якая першая нас палюбіла (пар. ККК 1428).

Вучэнне Касцёла выразна гаворыць нам, што «сэрца чалавека абцяжаранае і зацвярдзелае. Трэба, каб Бог даў чалавеку новае сэрца. Навяртанне — гэта найперш справа ласкі Бога, які вяртае нашыя сэрцы да сябе: „Навярні нас да Цябе, Пане, і мы навернемся“ (Пл 5, 21). Бог дае нам сілы пачаць усё спачатку. Адкрываючы веліч Божай любові, нашае сэрца скаланаецца ад жудасці і цяжару граху і пачынае баяцца абразіць Бога грахом і аддаліцца ад Яго» (ККК 1432).

 
5. Хрыстус — наш ідэал

Псіхалогія гаворыць пра «я» ідэальнае і «я» фактычнае. Кожны з нас мае якое-небудзь уяўленне пра тое, кім ён хацеў бы быць, чый вобраз і падабенства хацеў бы ў сабе рэалізаваць. Гэтыя жаданні адлюстроўваюць «я» ідэальнае. «Я» фактычнае часам можа быць настолькі агідным, што некаторыя абураюцца ім або проста злуюцца на сваё «я» фактычнае. Але гэта няправльны падыход. Аднак ён вядзе да таго, што чалавек не хоча быць такім, якім ёсць, што мае сваё «я» ідэальнае, што хоча быць кімсьці іншым, чым сабою, дасягнуць сталасці.

Калі праз веру ты адкрываеш сваё сэрца для Хрыста, Ён становіцца тваёю «дарогаю, і праўдаю, і жыццём» (Ян 14, 6). Ён сам пачынае тады паказваць табе тваё «я» ідэальнае і адначасова рэалізоўваць яго. Ён сам будзе здзяйсняць тваю самарэалізацыю.

У веруючым чалавеку вобраз «я» ідэальнага будзе ўдасканальвацца разам з развіццём духоўнага жыцця, з развіццём атаясамлівання сябе з Хрыстом, паколькі пазнаванне Хрыста і прывязанасць да Яго нараджае ў нас жаданне атаясамлівацца з Ім. Тады Хрыстус становіцца нашым асабістым ідэалам, нашым «я» ідэальным. Узрастанне ў веры і ласцы робіць больш выразным тваё «я» ідэальнае, бо тады Хрыстус удзяляе табе ўсё больш звышнатуральнага святла і больш поўна аб’яўляецца табе.

Мы ўсе прызначаныя «быць падобнымі да вобраза Яго Сына» (пар. Рым 8, 29), і таму толькі Хрыстус можа быць нашым сапраўдным асабістым ідэалам. Калі вобраз твайго «я» ідэальнага набліжаецца да вобраза Хрыста, ты сам набліжаешся да праўды, і сам Хрыстус становіцца тваёй дарогай і праўдай. І гэта Ён сам дае сілу тваёй волі, каб ты мог па прыкладзе «я» ідэальнага фармаваць сваё «я» фактычнае.

Папа Бэнэдыкт ХVІ у гаміліі падчас першай сваёй папскай святой Імшы заахвочваў моладзь адчыніць дзверы свайго сэрца для Хрыста: «І яшчэ раз Папа хацеў сказаць: (...) Хто дазволіць увайсці Хрысту, не згубіць нічога, нічога, абсалютна нічога з таго, што робіць жыццё вольным, прыгожым і вялікім. Не! Толькі ў гэтым сяброўстве насцеж расчыняюцца дзверы жыцця. Толькі ў гэтым сяброўстве адкрываюцца вялікія магчымасці, дадзеныя чалавеку. Толькі ў гэтым сяброўстве мы можам атрымаць прыгажосць і свабоду. Таму сёння я хацеў бы з вялікаю сілаю і ўпэўненасцю, якая паходзіць з вопыту ўласнага доўгага жыцця, сказаць вам, дарагая моладзь: не бойцеся Хрыста! Ён нічога не забірае, але дае ўсё. Той, хто давяраецца Яму, атрымлівае стокроць».

 

Усяго 2 матэрыялаў адзначана цэтлікам Скаўты.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.