Пахавальную Імшу ў пінскай катэдры ўзначаліць кардынал Станіслаў Дзівіш |
Анонсы |
21.07.2011 11:05 |
У панядзелак, 25 ліпеня 2011 г., у пінскай катэдры (вул. Леніна, 18) адбудзецца пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка. Цырымонія распачнецца ў 12.00. Пахавальную святую Імшу ўзначаліць былы асабісты сакратар папы Яна
Паўла ІІ арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў добрым
сябрам кардынала Свёнтка. Парэшткі кардынала Свёнтка будуць складзены ў мармуровым саркафагу ў
пахавальнай крыпце пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі,
дзе некалі таксама быў пахаваны першы біскуп Беларусі Слуга Божы
Зыгмунт Лазінскі. Пазней рэліквіі біскупа Лазінскага былі перанесены у
спецыяльную капліцу пінскай катэдры. Даведка У 1966–1978 гг. сённяшні кардынал Дзівіш з’яўляўся асабістым сакратаром арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Караля Вайтылы, а ў 1978–2005 гг. — асабістым сакратаром папы Яна Паўла ІІ. Станіслаў Дзівіш нарадзіўся 27
красавіка 1939 г. у польскай вёсцы Раба Выжна. Скончыў Кракаўскую
духоўную семінарыю, тэалагічны факультэт Кракаўскага ўніверсітэта і
Папскі факультэт тэалогіі ў Кракаве. Атрымаў святарскае пасвячэнне 23
чэрвеня 1963 г. Пазней, з’яўляючыся сакратаром арцыбіскупа
Караля Вайтылы, будучы іерарх выкладаў літургіку ў Вышэйшым катэхетычным
інстытуце Кракава, быў рэдактарам афіцыйнага выдання біскупскай курыі
«Notificationes e Curia Metropolitana Cracoviensi». У 1995 г.
прызначаны канонікам саборнага капітула Львова (Украіна), у 1997 г. —
канонікам саборнага капітула Кракава. Выконваў абавязкі віцэ-старшыні
Фонду Яна Паўла ІІ. 7 лютага 1998 г. быў прызначаны тытулярным біскупам
Сан-Леонэ і ад’юнкт-прэфектам Прэфектуры папскага дому. 19 сакавіка 1998
г. атрымаў біскупскае пасвячэнне, а 29 верасня 2003 г. папа Ян Павел ІІ
узвысіў яго да годнасці арцыбіскупа. 24 сакавіка 2006 г. арцыбіскуп Дзівіш быў узведзены ў кардыналы. У маі 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў іерарха членам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. |