Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус распачнецца ў чэрвені
Беларусь
21.03.2013 14:17

Пра тое, што ў Беларусь прыбудуць рэліквіі св. Тэрэзы, стала вядома яшчэ ў ліпені мінулага года. 21 сакавіка на прэс-канферэнцыі з Мітрапалітам Кандрусевічам быў агучаны канкрэтны тэрмін — з 1 чэрвеня па 28 жніўня.

Як адзначыў кс. Сяргей Трысцень OCD, графік знаходжання рэліквій у парафіях Беларусі яшчэ ўдакладняецца, але ўжо вядома, што парэшткі святой пабываюць ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі. Дэвіз перэгрынацыі будзе гучаць «Маё пакліканне — гэта любоў».

«Святая Тэрэза з’яўляецца вельмі папулярнай на тэрыторыі Беларусі, — адзначыў кс. Сяргей Трысцень. — Амаль у кожным касцёле можна ўбачыць яе фігуру ці абраз з выявай маладой манахіні, якая трымае ў руках букет ружаў і крыж. Святая казала, што калі памрэ, будзе пасылаць з неба пялёсткі з ружаў, як ласку ад Пана Бога».

Святую Тэрэзу (1873–1897 гг.) называюць апякункай місій, паколькі яна пастаянна малілася за місіі, хоць ніколі нікуды не выязджала. Яе місійнае падарожжа, як не дзіўна, распачалося пасля смерці — у парэштках. Першая перэгрынацыя распачалася ў 1947 г. па парафіях Францыі. Між іншым, у апошнія гады перэгрынацыя рэліквій святой прайшла ў суседніх краінах Беларусі: ва Украіне, Польшчы, Літве, Эстоніі, Расіі. Святая ў сваіх парэштках пабывала амаль ва ўсім свеце.

Рэлікварый з парэшткамі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус уяўляе сабой аздоблены масіўны саркафаг даўжынёй у 150 см, шырынёй — 95 см, вышынёй — 85 см. Яго вага — 132 кг. Пастаянна рэлікварый знаходзіцца ў кляштары кармэлітаў босых у Лізьё.

а Даведка: Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.

Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кнізе «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.