Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Футбол – інструмент новай евангелізацыі і будавання еўрапейскага дому»: адбылася Імша на адкрыццё Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў
Беларусь
24.02.2014 21:19

24 лютага ў Лідзе адбылася ўрачыстая Імша на адкрыццё VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Чэмпіянат працягнецца да 28 лютага, у ім прымаюць удзел каманды Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.

Чэмпіянат адбываецца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, у горадзе Ліда пад непасрэдным патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а таксама Лідскага раённага выканаўчага камітэта.

Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі ўдзельнічалі каманды святароў з Беларусі, Украіны і Польшчы, а таксама лідскія вернікі. Напрыканцы Імшы сабраныя прывіталі каманды з Аўстрыі, Харватыі, Венгрыі і Казахстана. Апошнія каманды прыбудуць у Ліду да канца сённяшняга дня.

Усіх удзельнікаў Чэмпіяната Мітрапаліт прывітаў на іх родных мовах. Вітаючы каманду святароў з Украіны, іерарх сказаў, што Касцёл у Беларусі салідарны з украінскім народам у гэтыя асабліва цяжкія для іх краіны дні.

У гаміліі Мітрапаліт адзначыў, што футбол сёння – інструмент новай евангелізацыі і будавання еўрапейскага дому. Нагадваючы пра завяршэнне ў Сочы 23 лютага XXII Алімпійскіх гульняў, арцыпастыр сказаў: “Мы вельмі рады, што выступленне алімпійскай зборнай Беларусі было найлепшым у гісторыі яе ўдзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах. Алімпійскія дасягненні Беларусі даюць права назваць нашу краіну адным з сусветных лідараў зімовых відаў спорту”.

“Сёння ў старажытнай Лідзе пачынаецца VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў – падзея, аб якой яшчэ зусім нядаўна мы нават не маглі і марыць, - працягваў іерарх. - Гэтая падзея нагадвае аб патэнцыяле Каталіцкага Касцёла, які разам з Міністэрствам спорту і турызму, пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама і Лідскага райвыканкама арганізуе такое буйное спартыўнае мерапрыемства”. Мітрапаліт выказаў упэўненасць, што Чэмпіянат будзе спрыяць “евангелізацыі і прапагандзе здаровага стылю жыцця”, “развіццю адносін з іншымі краінамі Еўропы”. “Не пабаюся сказаць, што сёння гістарычны еўрапейскі горад Ліда становіцца святарскім футбольным цэнтрам Еўропы. Чэмпіянат, які распачынаецца, – гэта гонар для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і гонар для нашай краіны”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што Каталіцкі Касцёл “з вялікай павагай ставіцца да спорту і лічыць яго адным са спосабаў новай евангелізацыі, каб праз спорт, які выхоўвае да салідарнасці, узаемадапамогі і перамогі над самім сабой, несці святло Евангелля ў сучасны свет”. Па словах іерарха, “спорт спрыяе будаванню цывілізацыі жыцця і вучыць пазбягаць зла”.

Арцыпастыр падкрэсліў, што Чэмпіянат у Лідзе “мабілізуе, каб праз яго і асабліва праз яго гульцоў-святароў, як галоўных пратаганістаў гэтага футбольнага свята, і балельшчыкаў даваць новае сведчанне хрысціянскай веры”. Таксама Мітрапаліт выказаў перакананасць у тым, што калі б у часы Езуса ў Палестыне гулялі ў футбол, то “Езус і апосталы таксама выкарыстоўвалі б яго для евангелізацыі”, бо “Хрыстус і апосталы заўсёды ішлі туды, дзе былі людзі”.

“Езус казаў апосталам быць Яго сведкамі аж да краю зямлі. Гэтым краем зямлі сёння вельмі часта з’яўляюцца стадыёны. Сёння стадыёны становяцца новымі, на жаль, свецкімі, святынямі, - заўважыў іерарх. - Гэта новыя аэрапагі. Нашым заданнем ёсць унесці туды дух Евангелля”.

Нагадваючы, што марай кожнага футбаліста з’яўляецца перамога, арцыбіскуп правёў паралель з жыццём чалавека, у якім “выіграць азначае дасягнуць вечнага жыцця з Езусам”.

Кажучы пра тое, што, каб быць добрай камандай і выігрываць, спартсменам неабходна рэгулярна трэніравацца, іерарх звярнуў увагу, што падобна павінна быць і ў рэлігійным жыцці. “Мы атрымалі ласку збаўлення ў Хрысце, але павінны дазволіць ёй дзейнічаць у нашых сэрцах, - патлумачыў Мітрапаліт. - Дзень за днём мы павінны вучыцца казаць не ўсяму таму, што блага і што нязгодна з Божай воляй. Гэта наша духоўная трэніроўка. Калі мы кажам не таму, што не згодна з Божай воляй, стараемся будаваць наша жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях, молімся, вывучаем Святое Пісанне, прымаем удзел у набажэнствах, то гэтым самым трэніруем нашыя духоўныя мускулы”.  

Арцыбіскуп пажадаў, каб VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў спрыяў развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і ў іншых краінах Еўропы, служыў далейшай папулярызацыі футболу ў нашай краіне і ў парафіях, унёс уклад у справу новай евангелізацыі і будавання супольнага еўрапейскага дому.

Падчас Чэмпіянату будзе добрая нагода, каб падзякаваць Богу за дар спорту, праз які чалавек трэніруе сваё цела, розум і волю, даведваючыся, што кожнае з іх — дар Творцы. 25 лютага ў Лідзе адбудзецца цырымонія адкрыцця Чэмпіянату, пасля пачнуцца спаборніцтвы ў групах, якія будуць праходзіць у Лядовым палацы і ў спарткомплексе “Алімпія”.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.