Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў: дзяліцца ў гэтыя дні вопытам і радасцю служэння Хрысту
Беларусь
25.02.2014 14:50

25 лютага, у дзень распачацця спаборніцтваў VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які праходзіць у Лідзе, раніцай адбылася Імша ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У літургіі ўдзельнічалі каманды святароў з розных краін, якія прымаюць удзел у Чэмпіянаце: Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў і арганізатараў Чэмпіянату, біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі сказаў: “У кожным чалавеку закладзена імкненне да поспеху, да таго, каб быць першым, лепшым за іншых. Само па сабе гэтае імкненне не з’яўляецца ні адназначна дрэнным, ні адназначна добрым. Усё залежыць ад таго, як мы выкарыстоўваем яго, якія мэты ставім перад сабой, да чаго імкнемся”. “Быць першым добра, але трэба імкнуцца быць першым у служэнні, гэта значыць быць патрэбным і карысным для іншых людзей, быць слугой сваіх бліжніх”, - адзначыў іерарх, дадаўшы, што ў такім служэнні прыкладам з’яўляецца сам Хрыстус.

Спорт, як падкрэсліў біскуп, “дапамагае ўсвядоміць, што для атрымання пажаданых вынікаў неабходныя трэніроўка, намаганне, самадысцыпліна, уменне ўзаемадзейнічаць з партнёрамі па камандзе”. Апостал Павел, як адзначыў іерарх, таксама карыстаецца метафарай спорту, каб “паказаць, як неабходныя падобныя якасці таксама і ў духоўным жыцці”.

“Думаю, што ўсе тут прысутныя згодныя з тым, што спорт дапамагае выхоўваць і развіваць у сабе гэтыя патрэбныя якасці асобы, - працягваў біскуп. – А для нас, святароў, гэта асабліва важна. Бо чым лепш мы выхоўваем сябе, чым багацейшым і прыгажэйшым будзе наша духоўнае жыццё, тым лепш і эфектыўней мы зможам служыць людзям, да якіх нас паслыае Хрыстус”.

Гродзенскі ардынарый пажадаў удзельнікам Чэмпіянату “сапраўднай і глабокай радасці”, “поспехаў у сумленнай барацьбе”, пажадаў, каб дні спаборніцтваў дапамаглі ім “лепш пазнаць адзін аднаго, падзяліцца вопытам і радасцю служэння Хрысту ў Яго Святым Касцёле”.

VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў працягнецца да 28 лютага. Ён адбываецца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў горадзе Ліда пад непасрэдным патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а таксама Лідскага раённага выканаўчага камітэта. 24 лютага ў Лідзе адбылася ўрачыстая Імша на адкрыццё Чэмпіянату, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.