25 лютага ў спарткомплексе “Алімпія” ў Лідзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Хлебам і соллю сустрэлі ўдзельнікаў каманд святароў, якія ўдзельнічаюць у Чэмпіянаце, - з Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка і старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі.
На пачатку прагучаў гімн Беларусі ў выкананні лідскай моладзі.
Са словам да гасцей з замежжа і Беларусі і жыхароў Ліды звярнуўся Леанід Гуляка. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі падзякаваў за гонар прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця гэтага значнага мерапрыемства і сардэчна прывітаў усіх яго ўдзельнікаў.
Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі, звяртаючыся да сабраных, адзначыў, што ў Лідзе існуе сапраўды добрая база для правядзення падобных спаборніцтваў, а таксама што будзе зроблена ўсё, каб прабыванне гасцей з розных краін у гэтым беларускім горадзе ператварылася ў сапраўднае свята.
Абвясціць Чэмпіянат адкрытым меў гонар біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў радасць з правядзення гэтай значнай падзеі ў горадзе Ліда, пажадаў усім добрага настрою і Божага благаслаўлення.
На працягу дня сёння будуць праходзіць спартыўныя спаборніцтвы, у ходзе якіх будуць вылучаны найлепшыя ўдзельнікі і тыя, якія пройдуць у паўфінал.
Чэмпіянат адбываецца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў горадзе Ліда пад непасрэдным патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а таксама Лідскага раённага выканаўчага камітэта. (JM), (AG)
|