Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзентацыя каманд Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў: прадстаўнікі розных краін распавялі пра сябе
Беларусь
25.02.2014 20:10

Пра сябе, сваё служэнне і свае краіны распавялі капітаны каманд святароў, якія прыбылі на Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе, што праходзіць у Лідзе. Гэта была своеасаблівая прэзентацыя каманд, з якімі маглі такім чынам пазнаёміцца прысутныя журналісты і запрошаныя госці.

Сустрэча праходзіла ў будынку Лідскага райвыканкама, у ёй удзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка і старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі.

Прадстаўнікі Аўстрыі нагадалі, што яны першыя ў 2003 г. пачалі гульні па міні-футболе сярод святароў Еўропы. Капітан каманды адзначыў: “Нас уразіла натура Беларусі, ваша цудоўная прырода”. Таксама, жартуючы, ён дадаў, што аўстрыйцы крыху сумуюць з-за таго, што на Алімпіядзе ў Сочы Беларусь атрымала больш медалёў, чым Аўстрыя.

Прадстаўнікі Босніі і Герагавіны адзначылі, што ў гэтым годзе маюць больш новых гульцоў, і іх прэзентацыя першы раз праходзіць у Беларусі.

"Дзякуем Богу і вам за тое, што можам быць сёння сярод вас, у Беларусі, - адзначыў капітан каманды Венгрыі, жартаўліва дадаўшы: – У нас на варотах будзе стаяць біскуп, таму мы не прапусцім ніводнага мяча". У склад каманды ўваходзяць рыма- і грэка-каталіцкія святары, а таксама прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў.

Прадстаўнікі Партугаліі выказалі падзяку Міністру замежных спраў Беларусі за дапамогу ў атрыманні віз, а таксама спадзяванне, што яны вярнуцца з беларускай зямлі з медалямі.

Каманда Польшчы налічвае 13 святароў з розных дыяцэзій. Капітан каманды выразіў радасць, што сярод удзельнікаў прысутнічае каманда святароў з Украіны, адзначыўшы, што палякі салідарныя з украінскім народам.

Румынцы пахваліліся тым, што ў іх камандзе іграе правінцыял канфентуальных францішканаў. Таксама у каманду ўваходзяць дыяцэзіяльныя святары. Прадстаўнік каманды адзначыў, што спадзяецца на перамогу сяброўства.

Каманда святароў Славакіі таксама ўключае дзве каталіцкія традыцыі: рымскую і візантыйскую. Жартуючы, яны пагразілі супернікам, што “прыехалі з прафесійным трэнерам”.

Славенцы былi арганізатарамі леташняга Чэмпіянату і прыбылі ў Беларусь упершыню. У каманду таксама ўваходзяць два канвентуальныя францішкане, салезіянін і дыяцэзіяльнае духавенства.

Прадстаўнікі Харватыі падзякавалі Касцёлу ў Беларусі і беларускай дзяржаве "за мужнасць", з якой узяліся за арганізацыю Чэмпіянату. “Мы вельмі ўзрушаны і рады, што можам бачыць жыццё буларусаў знутры”, - сказаў капітан каманды і дадаў, што змаганне павінна быць "не за медалi", а "за святасць".

Капітан каманды Чарнагорыі заўважыў, што з’яўляецца самым старэйшым капітанам і, магчыма, удзельнікам Чэмпіянату. Ён выказаў радасць, што сярод прысутных амаль усе маладыя святары, будучыня свету. З адной з самых маленькіх краін Еўропы прыехала 9 святароў. Чарнагорыя, як было ўзгадана, налічвае 600 тыс. насельніцтва, сярод якіх 25 тыс. католікаў. У краіне 25 святароў і два біскупы.

“Дзякуем за падтрымку, якую нам аказалі і надалей аказваеце ў нялёгкія для нашага народу дні”, - сказаў капітан каманды Украіны. З розных рэгіёнаў краіны прыехала 8 святароў. Капітан дадаў: “Нас усіх яднае Пан Бог і спорт. Мы перакананы, што гэта дае супакой, якога сёння ўсе так патрабуюць”.

Прадстаўнікі Казахстана нагадалі, што Касцёл у іх краіне не вельмі вялікі, налічвае няшмат вернікаў, аднак “маленькімі крокамі ідзе наперад”. На Чэмпіянат прыбылі 5 святароў і адзін дыякан.

Каманда Беларусі складаецца перадусім са святароў Гродзенскай дыяцэзіі, таксама ў ёй ёсць прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Капітан каманды кс. Павел Салабуда з’яўляецца галоўным маторам гэтай спартыўнай сустрэчы. Каманда гродзенскіх святароў разам гуляе ў футбол ужо не першы год, за яе плячыма тры еўрапейскiя Чэмпіянаты. У Ліду каманда прыбыла са сваім трэнерам.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.