Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў наведалі Нясвіж і Мір
Беларусь
26.02.2014 17:08

Падчас Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які праходзіць у Лідзе, прадугледжаны не толькі спартыўныя спаборніцтвы. Святары з розных краін прымаюць удзел у Імшах, якія з’яўляюцца галоўнай падзеяй кожнага дня Чэмпіянату, і ў культурнай праграме, падчас якой госці з-за мяжы могуць ближэй пазнаць беларускую культуру, традыцыі і звычаі, пакаштаваць беларускія стравы, наведаць гістарычныя мясціны.

Знаёмства з беларускай культурай



26 лютага ўдзельнікі Чэмпіянату наведалі Нясвіж, дзе пабывалі ў касцёле Божага Цела, узведзеным у 1584–1593 гадах па праекце Яна Марыі Бернардоні. У скляпеннях святыні спачываюць парэшткі 102 прадстаўнікоў роду Радзівілаў.

Таксама госці наведалі замак у Нясвіжы, які быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2005 г., а да 1939 г. быў родавым гняздом Радзівілаў.

Удзельнікі спартыўнага мерапрыемства пабывалі ў Мірскім замку, які быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2000 г. Будаўніцтва замка пачаў на рубяжы XV-XVI стст. брэсцкі і ковенскі стараста Юрый Ільініч, замак пабудаваны ў гатычным стылі.


Супольная малітва ўдзельнікаў Чэмпіянату: трэніроўка душы



Падчас экскурсіі госці Чэмпіянату ўдзельнічалі ў святой Імшы ў нясвіжскім касцёле Божага Цела. Літургію ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гаміліі біскуп адзначыў, што “Бог даў людзям несмяротную душу і несмяротнае цела”, і чалавек мае магчымасць трэніраваць як душу, так і цела.

Прыгадваючы гады свайго служэння ў Савецкай арміі, іерарх заўважыў: “Там не трэніравалі душы, было забаронена маліцца, але трэніравалі цела”. Цяпер жа, па словах біскупа, перамог дух. “Мы радуемся, што людзі сёння жывуць духоўным жыццём, ходзяць у храмы, спавядаюцца, прымаюць Камунію, умацоўваюць сваю душу – а таксама займаюцца спортам, трэніруюць сваё цела”, - сказаў іерарх і пажадаў усім удзельнікам Чэмпіянату духоўнай і фізічнай моцы і Божага благаслаўлення.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.