27 лютага ў спарткомплексе “Алімпія” ў Лідзе адбылася цырымонія закрыцця
VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Падчас цырымоніі
былі ўзнагароджаны лепшыя ўдзельнікі спартыўных спаборніцтваў. Тытул чэмпіёна Еўропы па міні-футболе сярод святароў сёлета заваявала каманда Польшчы. Такім чынам, золата ў сваю краіну павязуць палякі, якія адзначыліся найлепшымі вынікамі і паказалі вельмі прафесійную гульню.
Серабро ў сваю айчыну павязуць харваты, якія таксама былі падрыхтаваны да Чэмпіянату на вельмі добрым узроўні.
Уладальнікамі бронзавага медаля аказаліся партугальцы, гульня якіх таксама праходзіла на годным узроўні.
У цырымоніі закрыцця Чэмпіянатy ўдзельнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіппо Чампанэлі.
Трыбуна спартыўнага комплекса была напоўнена гледачамі, якія прыбылі з усёй краіны, каб падтрымаць святароў, асабліва беларускую каманду. Нягледзячы на тое, што каманда з Беларусі заняла толькі 4-е месца, яны раздзялілі радасць пароўну, цешыліся, што іх святары сталі на спаборніцтвах не апошнімі і паказалі вельмі добрую гульню.
Першы намеснік Міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Гагіеў ад імя Міністэрства спорту і турызму прывітаў усіх на закрыцці Чэмпіянату. Аляксандр Гагіеў выказаў спадзяванне, што каманды розных краін, якія прыбылі ў Ліду, пазнаёміліся за час гэтага спартыўнага мерапрыемства з Беларуссю і ў іх засталіся самыя добрыя ўражанні. Першы намеснік Міністра спорту і турызму павіншаваў пераможцаў і прызёраў Чэмпіянату.
Прамовіў таксама старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі, павіншаваўшы ўдзельнікаў з завяршэннем Чэмпіянату і выказаўшы надзею, што ім спадабалася на лідскай зямлі. Старшыня райвыканкама запрасіў зноў прыязджаць сюды па меры магчымасці.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, падзякаваў найперш Богу за магчымасць правядзення ў Беларусі гэтай вялікай спартыўнай падзеі, за гонар і ласку правесці Чэмпіянат у Лідзе. Па словах іерарха, гэта сведчыць аб тым, што Касцёл у Беларусі ўжо настолькі моцны, каб праводзіць на сваёй зямлі і мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню. Арцыпастыр адзначыў, што ў сённяшнім свеце неабходна несці Евангелле ўсюды – у тым ліку і на стадыёны.
Дадаўшы, што Бог дзейнічае праз людзей, арцыбіскуп падзякаваў арганізатарам Чэмпіянату, у прыватнасці кс. Паўлу Салабудзе, Міністэрству спорту і турызму Беларусі, Лідскаму раённаму выканаўчаму камітэту, і ўсім, хто садзейнічаў яго праходжанню на належным узроўні. Арцыпастыр выказаў вялікую падзяку таксама балельшчыкам за падтрымку ўдзельнікаў.
Мітрапаліт агучыў прысутным зварот Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, у якім прадстаўнік Папы перадае прывітанне і благаслаўленне Святога Айца Францішка ўсім удзельнікам Чэмпіянату. “Папа ўспрымае з вялікай радасцю гэтую падзею сярод прэзбітэраў розных краін, якія аб’яднаны перш за ўсё ласкай веры і служэннем Касцёлу, а ў гэтыя дні і спартыўнымі мэтамі. Дадзенае мерапрыемства падкрэслівае каштоўнасць цела, створанага Богам, і здаровае спаборніцтва як намаганне для дасягнення пэўнай мэты з самаадданнем і ахвярнасцю. Гэта з’яўляецца цудоўнай магчымасцю, каб паказваць радасць жыцця, якая вылучае хрысціян, а значыць таксама святароў”, - адзначае Апостальскі Нунцый.
Пасля прамовы Мітрапаліт звярнуўся да ўдзельнікаў Чэмпіянату на іх родных мовах, падзякаваўшы ім за прыбыццё ў Беларусь, за ўдзел і за добрую гульню.
Для Гродзенскай дыяцэзіі стала вялікім гонарам, што Чэмпіянат праходзіў на яе тэрыторыі. У VIIІ Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод святароў у Лідзе прымалi ўдзел каманды з розных еўрапейскіх краін, больш за 170 святароў: гэта каманды з Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.
Пры ўсім гэтым належыць падкрэсліць вялікі ўклад у праходжанне Чэмпіянату з боку беларускіх святароў, якія выступілі з ініцыятывай арганізаваць гэтую спартыўную падзею менавіта ў Беларусі і прыклалі шмат намаганняў, каб усё было праведзена на вельмі высокім узроўні. У гэтым намеры іх падтрымалі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусi, якая ўзяла непасрэдны патранат над правядзеннем Чэмпіянату, а таксама Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Лідскі раённы выканаўчы камітэт.
Па завяршэнні спаборніцтваў можна сказаць, што нават нягледзячы на тое, што золата не засталося ў нашай краіне, а паедзе ў Польшчу, нашы святары малайцы, яны найлепшыя, таму што нашыя! Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан Фота Вікторыі Мішкура
|