Жодзінскія вернікі запрашаюць да сумеснага ружанца праз Skype |
Беларусь |
10.09.2015 14:17 |
Вернікі парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне прапануюць усім ахвотным кожны дзень далучацца да ружанцовай малітвы ў інтэрнэце. Ружанец — «вянок ружаў» — нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: «Ойча наш», якой навучыў нас сам Пан Езус, і «Вітай, Марыя», якою віталі Марыю Божы пасланец арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля. Ружанцам завецца таксама нітка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва. «Малітву на ружанцы мы пачалі ўжо больш за год таму. Удзельнікі змяняюцца, хтосьці пастаянна прыходзіць, хтосьці часамі... Але мала хто ведае аб тым, як далучыцца да малітвы», — напісаў нам у лісце адміністратар сайта catholic-zhodzina.by Яўген Лабкоўскі. Штодзённая жывая малітва Святога Ружанца ў інтэрнэце праз Skype адбываецца у 22.00 у форме канферэнцыі ў Skype. Каб далучыцца і ўдзельнічаць, трэба знайсці ў Skype лагін catholic.rosarium і дадаць сабе новы кантакт. Пра традыцыю і спосабы малітвы на ружанцы можна прачытаць у адпаведным раздзеле. Аляксандр Гелагаеў |