| У Беларусі адышоў у вечнасць украінскі арцыбіскуп Пётр Мальчук (абноўлена) | 
	| Беларусь | 
	| 27.05.2016 16:41 | 
|  Ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі адышоў у вечнасць у Гродне, дзе прымаў удзел у Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе, які праходзіў 24-26 мая. Верагодна, прычынай смерці сталі праблемы з сэрцам.
 Цела іерарха знайшлі 27 мая ў яго асабістым пакоі. Арцыбіскупу Пятру Мальчуку было 50 гадоў. «Браты-біскупы Канферэнцыі Біскупаў лацінскага абраду і ўвесь Каталіцкі Касцёл ва Украіне сумуе з той прычыны, што адданы вучань Хрыста так хутка скончыў зямную пілігрымку, але адначасова поўныя надзеі, што арцыбіскуп Пётр дзеліць вечную вячэру з Панам і мае невымоўнае шчасце бачыць Яго», — гаворыцца ў лісце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ва Украіне. Пётр Мальчук нарадзіўся 17 ліпеня 1965 года ў с. Слабода-Рашкава ў Малдове. Пасля заканчэння сярэдняй школы і тэрміновай вайсковай службы паступіў у 1986 годзе ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў г. Рыга (Латвія). 
 3 студзеня 1989 года ўступіў у Ордэн Братоў Меншых (францішканаў). 7 чэрвеня 1992 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 1992-1998 гадах вучыўся ў Рыме ў Папскім універсітэце Antonianum, дзе атрымаў ступень доктора теалогіі.
 
 У 1998-1999 гадах працаваў вікарыем у парафіі Св. Ганны ў г. Палоннае. У 1999-2004 гадах быў кусташам Братоў Меншых ва Украіне, у 2004-2007 гадах — правінцыялам правінцыі Святога Міхала Арханёла Братоў Меншых ва Украіне, у 2007-2008 гадах — эканомам правінцыі Братоў Меншых ва Украіне.
 
 29 сакавіка 2008 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў а. Пятра Мальчука OFM дапаможным біскупам Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі, а 15 чэрвеня 2011 года — ардынарыем Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, надаючы яму тытул арцыбіскупа ad personam.
 
 Kmc.in.ua (АлГ) |