Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пра тое, як гарачае мадрыдскае сонца можа растапіць беларускую душу
Беларусь
26.08.2011 15:57

Маё знаёмства з Іспаніяй пачалося ў Алікантэ, куды мы прыляцелі з Гданьска.  Калі сядзіш на фоне гораў і ўглядаешся ў мора, якое адбівае ў сабе месяц, мімаволі думаеш аб вечнасці, аб тым, як цудоўна жыць, і дзякуеш Богу за ўсё гэта. Праслаўляю Яго за гэта і дзякую за магчымасць любіць!

Але другі дзень у Іспаніі скончыўся не так прыемна, і я нават паабяцала сабе, што ніколі ў жыцці больш не паеду на такую сустрэчу! Паўсюль крыкі, шум, гоман, незнаёмыя мовы — ледзь не звар’яцела. Да таго ж мы з сяброўкай згубіліся і вярнуліся дамоў толькі ноччу.

А потым паляцелі дні, усё змянілася, пачала нешта разумець на іншых мовах, гоман ператварыўся ў агульную радасць, а шматлюднасць на вуліцах дала такое пачуццё свабоды, якога дагэтуль я ніколі не адчувала!

Замак Эскарыял, Таледа (першая сталіца Іспаніі), гэтыя маленькія вулачкі, знакамітыя музеі («Дэль Прадо» і «Музей Сафіі» сучаснага мастацтва), людзі з усмешкай на твары і сонца растапілі маё зімнае, задуменнае сэрца, прызвычаенае да суму і цішыні.

«Ты адзіны вечны, Ты адзіны годны славы!!» — праслаўлялі Пана на беларускай мове ў сэрцы Іспаніі. Пане Езу, праслаўляю Цябе за магчымасць сустрэчы з католікамі з іншых куткоў свету, іншага колеру скуры і ментальнасці! Праслаўляю за тое, што змагла адчуць сябе часткай Твайго Касцёла!

Бачыла Папу, усе паляцелі бліжэй да бардзюра, каб бачыць, а я засталася, бо ведала, што з маім ростам нічога не ўдасца, і бачыла яго са свайго месца, ён усміхаўся. Крыху змучаны, ён усміхайся нам, будучыні Касцёла!!

Хацелася, каб атмасфера Сусветнага дня моладзі перанеслася ў нашыя дамы, нават больш — у нашую краіну, хацелася, каб і вуліцамі нашай сталіцы прайшло столькі пазітыўных, шчаслівых маладых людзей!

 Людміла Бурлевіч,
удзельнік XXVI Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.