Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фотарэпартаж з біскупскага пасвячэння кс. прэлатa Юзафа Станеўскага: быць сапраўдным святлом і сапраўднай соллю
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.02.2014 18:45

„Сёння Хрыстус даручае табе цяжкую і адказную задачу абвяшчэння Яго Евангелля і пытаецца ў Цябе, як некалі тройчы спытаў у Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” (пар. Ян 21, 15–17) – з гэтымі словамі звярнуўся ў гаміліі да наміната галоўны пасвячаючы біскуп Аляксандр Кашкевіч. 1 лютага быў урачыста пасвячаны ў біскупы ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі, шматгадовы рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, — той, заданне каму “быць сапраўдным святлом і сапраўднай соллю”.

«Пане, Ты ўсё ведаеш»

Прымаючы абавязак быць дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, выбраны павінен быў адказаць на тое ж пытанне, якое калісьці скіраваў Хрыстус да св. Пятра і на што той адказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе».

На розных этапах свайго жыцця пасвячаны, напэўна, павінен быў даваць Богу адказ, а ў гэты дзень адпаведныя словы з асаблівай моцай прагучалі перад біскупам намінатам, які, поўны сіл і энергіі, узброены евангельскай радасцю, выходзіць у свет, каб пасвіць давераных яму авечак.

 

«Пасі авечак Маіх»

Сімвалам біскупскай улады з’яўляецца пастарал, які атрымаў падчас пасвячэння новы біскуп як дар супольнасці гродзенскай семінарыі. Пастарал – не проста сімвал і не ўпрыгажэнне: прымаючы яго, біскуп бярэ на сябе вялікую адказнасць. Верхняя, выгнутая частка пастарала азначае пастырскі клопат іерарха, які павінен аддаляць вернікаў ад злога. Сярэдняя яго частка сімвалізуе апору і служэнне людзям і ўмацаванне іх у веры. Ніжняя частка з вострым канцом – клопат пастыра, што выяўляецца ў заахвочванні, напаміне або нават пакаранні.

 

«Шмат працы і шмат людзей, якія чакаюць…»

Сёння, у неспакойны час, калі сярод людзей шмат падзелаў, нянавісці, зла, біскуп вельмі патрэбны. Новага іерарха чакае дыяцэзіяльная курыя, дзе яму трэба будзе не раз прымаць складаныя і важныя рашэнні; чакаюць тысячы вернікаў, прагнучых Божага слова; чакаюць дзеці і моладзь, каб, гледзячы на яго жыццё, казаць: “Хачу быць да яго падобным ва ўсім, у словах і ўчынках!”

 

Як сказаў у сваім слове падчас Імшы з удзяленнем пасвячэння Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, “каб быць соллю – недастаткова толькі называцца соллю, і каб быць святлом – недастаткова толькі называцца святлом”: “трэба быць сапраўдным святлом і сапраўднай соллю”.

 

«Табе хопіць Маёй ласкі»

У гэты дзень, важны і асаблівы не толькі для Касцёла на Гродзеншчыне, бо кожны біскуп бярэ адказнасць за ўвесь Паўсюдны Касцёл, на парозе нялёгкага служэння новага іерарха сярод мноства віншаванняў, пажаданняў, лістоў гучаць моцныя словы, скіраваныя Панам да св. Паўла: „Табе хопіць Маёй ласкі” (2 Кар 12, 9). “Новы сведка надзеі” прыходзіць да людзей, якія жадаюць яму адвагі і сілы, каб быць сярод іх сапраўдным святлом і соллю, каб запальваць гэтае святло ў іншых.

 
Кс. Юрый Марціновіч, AG
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.