Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на нядзелю пакліканняў да святарства |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.04.2013 14:07 |
21 красавіка 2013 г. Тэкст паслання на польскай мове >>> Адчуць сваё пакліканне Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Як штогод у чацвёртую велікодную нядзелю, якая называецца нядзеляй Добрага Пастыра, мы молімся аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Сёлета, дзякуючы Богу, мы адзначаем ужо пяцідзясяты Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. У сучасным свеце, які ўсё больш аддаляецца ад Бога і стараецца сам вырашаць свае праблемы, узнікае пытанне аб актуальнасці святарскага служэння. Ці патрэбны яшчэ сёння святар, калі варажбіт можа прадказаць будучыню? Ці патрэбны святар, калі псіхатэрапеўты лечаць душы, а палітыкі вырашаюць, што з’яўляецца дабром, а што злом, і нават зацвярджаюць маральныя нормы паводзін? Гэтыя і падобныя пытанні задае сабе сучасны чалавек. Сёння ўсё перамяшалася і ставіцца з ног на галаву. Калі ідзе заўзятая барацьба за душы людзей, то каго слухаць? Хто мае праўду, што выбраць, як жыць і як у такой сітуацыі гаварыць пра пакліканні да святарства? Адказ дае сам Хрыстус. 2. Ён называе сябе добрым пастырам і такім на самой справе ёсць, бо мы з’яўляемся Яго статкам, якім Ён кіруе і які Ён корміць. Ён кіруе ім праз сваё Евангелле, навучаючы, як трэба жыць, і корміць сваім Целам — Эўхарыстыяй. Езус называе сябе добрым пастырам, каб паказаць розніцу паміж сабой і дрэнным пастырам і наёмнікам. Ён гэтага не чыніў бы, калі б не было такіх. Езус з’яўляецца добрым пастырам, бо ажыццяўляе сваю місію дасканала. Сутнасцю добрага пастыра ёсць любоў. Менавіта Ён кажа, што добры пастыр ведае авечак сваіх, і авечкі ведаюць Яго (пар. Ян 10, 14). У гэтым заключаецца розніца паміж добрым і дрэнным пастырам. Добры клапоціцца пра дабро свайго статку, а дрэнны думае толькі пра сваю выгаду. Добры пастыр гатовы аддаць жыццё за свой статак, бо клапоціцца аб ім. Дрэнны ж не думае пра ахвярнасць, бо яго цікавіць толькі свая выгада. 3. Езус падкрэслівае, што добры пастыр гатовы аддаць сваё жыццё за сваіх авечак (пар Ян 10, 11). У гэтых словах Езуса Хрыста крыецца глыбокі сэнс святарскага служэння: сапраўдны святар ахвяруе сябе, сваё служэнне і нават жыццё дзеля духоўнага дабра і збаўлення вернікаў, прыкладам чаму могуць служыць святары-мучанікі ў часы ганенняў на Касцёл. Добры пастыр ведае і любіць сваіх авечкі, і яны ведаюць яго, любяць і слухаюць (пар. Ян 10, 14). На тых месцах, дзе пасвяцца авечкі, часам можна заўважыць вельмі прыгожую сцэну. Ідуць побач два пастухі і спакойна размаўляюць. Іх авечкі ходзяць па сенажаці, яны перамешаны паміж сабой. Але калі пастухі клічуць авечак сваіх, яны раздзяляюцца на дзве групы, і кожная ідзе за сваім пастырам. Добры пастыр ведае патрэбы свайго статка, яго бездапаможнасць падчас небяспекі і неабходнасць кіравання ім. Хрыстус параўноўвае душы людзей да авечак, якія з’яўляюцца слабымі і патрабуюць дапамогі. Таму святар як сапраўдны пастыр павінен любіць сваіх вернікаў і весці іх да дасканаласці. Менавіта таму яны, як авечкі, ведаюць і любяць свайго пастыра, бо ведаюць, што ён дасць ім тое, што ім неабходна — Божую ласку і вучэнне Хрыста. Божая ласка і навука Хрыста вядуць іх на буйныя касцёльныя пашы, каб не адчувалі духоўнага голаду і былі духоўна здаровымі і моцнымі. Добры пастыр кіруе сваімі авечкамі. Гэта азначае, што ён не толькі паказвае ім шлях, але таксама звяртае ўвагу і нават карае, калі яны пачынаюць ісці не ўласцівай дарогай. Ён мае пастырскі кій, адным канцом якога бароніць авечак, а другім непакорных змушае да паслухмянасці. Улада, якую мае добры пастыр над вернікамі, неабходна для таго, каб мудра весці іх сярод розных жыццёвых цяжкасцяў і бараніць ад небяспекі. Дрэнны пастыр, наадварот, не клапоціцца пра сваіх авечак. Ён з’яўляецца наёмнікам. Гэта азначае, што, прымаючы на сябе абавязак пастыра, ён думае толькі пра свой дабрабыт. Не ведае авечак, не любіць іх, не мае пастырскага кія, так што авечкі некаторы час адчуваюць сябе вельмі камфортна і могуць чыніць што ім хочацца, не ведаючы, што такім чынам могуць трапіць у небяспечную сітуацыю. Такі пастыр не клапоціцца пра дасканаласць свайго статку. А калі прыйдзе гадзіна выпрабавання, ён уцячэ, пакінуўшы свой статак ваўкам. У сучасным жыцці ёсць шмат «дзікіх звяроў», які могуць пагражаць і на самой справе пагражаюць людзям. Гэта злы дух і грэшнікі, якія спакушаюць і вядуць авечак з добрай дарогі на дрэнную. Пастыр павінен змагацца з імі, нагадваючы і паказваючы здаровую навуку. Ён таксама павінен вызваліць іх з палону зла. У сучасным свеце ёсць мноства сект, фальшывых настаўнікаў і прарокаў. Не трэба далёка хадзіць. Колькі ў сучасным свеце фальшывай, нязгоднай з вучэннем Хрыста і Касцёла навукі! Маральны рэлятывізм, які не прызнае абсалютнай праўды, пануе ў свеце і дэфармуе душы людзей. А колькі маральнай і матэрыяльнай шкоды ўчыніла прароцтва пра канец свету 21 снежня 2012 г., якое не збылося? Гэта ўсё — тыя злыя ваўкі, якія прыходзяць у авечых шкурах, пра якіх кажа Хрыстус. Не можа быць добрым пастырам той, хто легкадумна адносіцца да такіх настаўнікаў і прарокаў. 4. Добры пастыр павінен таксама мець належную падрыхтоўку з дактрынальнага і пастырскага пункту гледжання. Ён павінен бачыць зло і выступаць супраць яго. Пакінуць маральнае зло без увагі азначае пакінуць статак вернікаў драпежным ваўкам, схаваным пад авечымі шкурамі. Менавіта яны хапаюць вернікаў і прысвойваюць іх сабе. Яны не клапоцяцца аб вернасці Хрысту і Касцёлу, а толькі аб вернасці сваім інтарэсам і ідэям. У выніку чаго наступаюць падзелы, недавер і нязгода паміж вернікамі. Добры пастыр па прыкладу Хрыста павінен быць чалавекам малітвы і ахвяры. Дух малітвы спрыяе ахвярнаму служэнню людзям, у той час калі наёмнік, забываючы пра малітву і шукаючы матэрыяльнай выгады, занядбоўвае авечак і Бога. Добры пастыр павінен клапаціцца і аб тых, якія не належаць да яго статку. Нездарма Езус кажа: «Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр» (Ян 10, 16). Сапраўдны пастыр клапоціцца не толькі пра свой статак, але і аб яго пашырэнні. У гэтым заключаецца місійнае вымярэнне служэння добрага пастыра, якога патрабуе свет і Касцёл. Новы Пантыфік Францішак заўважае, што вернікі з радасцю прымаюць такое абвяшчэнне Евангелля, якое пранікае ў іх штодзённае жыццё. Яны вельмі ўдзячныя за гэта, бо яно ўмацоўвае іх веру і дасягае перыферыі іх жыцця, дзе яны падвержаны нападу тых, хто хоча абрабаваць іх у веры. 5. Такім прадстаўляецца служэнне святара ў наш час. Таму сёння, у нядзелю малітвы аб пакліканнях, мы павінны прасіць Бога, каб паслаў на сваё жніво сапраўды добрых і святых пастыраў, якія павядуць сваіх вернікаў на добрую пашу, а значыць будуць іх ведаць, любіць, вучыць, духоўна карміць і бараніць. Беларусі, як і ўсяму свету, неабходны добрыя і адданыя Богу і Касцёлу духоўныя настаўнікі, добрыя і моцныя верай пастыры, з сапраўднай місійнай руплівасцю. Бо ў нашы часы, калі павялічваецца бязвер’е, найбольш эфектыўным спосабам адкрыцця веры нанова, яе захавання і ўмацавання з’яўляецца імкненне пераказу яе іншым. Такім чынам, мы бачым, якім важным і незаменным з’яўляецца служэнне святара. Евангелле паказвае нам праўдзівы вобраз адносін паміж святаром і вернікамі. Святы Ян Віянэй — апякун святароў — кажа, што святар з’яўляецца святаром не для сябе, а для вернікаў. 6. У Пасланні на сёлетні Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, дэвіз якога «Пакліканне — знак надзеі, якая будуецца на веры», папа Бэнэдыкт XVI прыводзіць словы Пантыфіка Паўла VI, які яшчэ ў 1964 г. казаў: ад пакліканняў залежыць не толькі рэлігійная будучыня хрысціянства, але і жыццёвасць веры і любові парафіяльных і дыяцэзіяльных супольнасцяў, а таксама маральнае здароўе сем’яў (пар. ПСДМП-2013). Пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця нараджаюцца з асабістага спаткання чалавека з Хрыстом і дыялога з Ім, каб выконваць Яго волю. Таму для вырашэння праблемы пакліканняў неабходна ўзрастанне ў веры як глыбокай еднасці з Езусам і ўслухоўванне ў Яго клічучы голас. Гэты працэс, які чыніць чалавека здольным да прыняцця Божага паклікання, можа рэалізавацца ўнутры хрысціянскіх супольнасцяў, якія жывуць інтэнсіўным кліматам веры, даюць сведчанне жыцця паводле Евангелля. Указваюць на місійную дзейнасць, якая вядзе да дару з сябе для Божага Валадарства, умацоўваюцца ўдзелам у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, і малітве. З дапамогай сведчання веры і апостальскага запалу святары і кансэкраваныя асобы могуць пераказаць маладым пакаленням жывое жаданне адказаць Хрысту, які кліча пайсці за Ім. Менавіта ў пакліканні да святарства ці кансэкраванага жыцця праяўляецца найбольш сталы плён хрысціянскай супольнасці, якая дазваляе глядзець з надзеяй на будучыню Касцёла і яго ўдзел у справе евангелізацыі (пар. ПСДМП-2013). 7. Дарагія маладыя людзі! Вы стаіце перад жыццёвым выбарам. Добра ўслухайцеся ў голас Пана. Можа, Ён кліча менавіта вас? Можа, менавіта вам прапануе шлях святарства ці кансэкраванага жыцця? Можа, вам рыхтуе незаменную місію новай евангелізацыі для пераказу і ўмацавання веры? Сярод многіх прапаноў гэтага свету, вельмі часта павярхоўных і нясталых, шукайце праўдзівых каштоўнасцяў і мэтаў, зрабіце радыкальны выбар, каб служыць Богу і людзям. Не бойцеся пайсці за Езусам, бо толькі Ён адзін можа зрабіць вас і тых, да каго Ён вас пашле, шчаслівымі. Калі чуеце Яго голас, не вагайцеся адказаць: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Тады вы станеце сведкамі той духоўнай радасці, якой не можа даць свет. На шлях малітвы аб пакліканнях і яго адкрыцця, давяраючы ўсіх вас Марыі – Маці святароў, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца +і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мінск, 2 красавіка 2013 г. Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 1. Бэнэдыкт XVI. Пасланне на 50-ты Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях (ПСДМП-2013). |