Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вілейцы развіталіся з а. Андрэем Ахрэмам
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.11.2013 13:21

7 лістапада адбылося развітанне з айцом Андрэем Ахрэмам OFMСonv у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, на яго радзіме. 4 лістапада святар загінуў у аўтакатастрофе. Пры целе загінуўшага памаліўся ў вілейскім касцёле Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, святую Імшу ўзначаліў кс. Аляксандр Барыла.

Цела было дастаўлена ў касцёл у 9 гадзін. Парафіяне сустрэлі яго на вуліцы, затым яно было ўрачыста ўнесена ў святыню.

Апостальскі Нунцый памаліўся пры целе загінуўшага святара, выказаў спачуванні яго бацькам, а таксама звярнуўся да ўсіх прысутных вернікаў. Арцыбіскуп прамовіў да іх словы падтрымкі і суцяшэння і запэўніў, што ў гэты момант, балючы для блізкіх, родных, парафіяльнай супольнасці а. Андрэя Ахрэма і францішканскай сям'і, яны не адны, а з імі ў малітве з'яднаны ўвесь Касцёл і Папа Францішак.

У Імшы ўдзельнічала духавенства з дэканата і з іншых мясцін, прысутнічалі бацькі, родныя, сябры, аднакласнікі, настаўнікі загінуўшага святара, дэлегацыі з месца працы яго бацькоў, вялікая колькасць вернікаў.

«Калі разважаем пра смерць, па-чалавечы паўстае вельмі шмат “чаму?”, — сказаў у гаміліі кс. Аляксандр Барыла, кажучы пра а. Андрэя Ахрэма. — Чаму менавіта ён; чаму такі малады; чаму ў першыя месяцы святарства; чаму, калі так патрэбны бацькам; манаскай супольнасці, Касцёлу, нам, яго парафіянам? Калі паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні без веры, то яны застануцца пытаннямі, а нам прынясуць яшчэ большы боль!» «У святле веры мы здолеем знайсці адказы, — дадаў святар. — А калі на іх адкажам у глыбіні сваёй душы, яны прынясуць нам палёгку, супакояць боль, і мы адчуем блізкасць гэтага маладога святара. Мы адчуем, што ён і надалей спадарожнічае ў нашым зямным падарожжы, ён і надалей нас падтрымлівае, навучае, перасцерагае…»

«Кожны чалавек пакліканы праз акт стварэння для вечнага шчасця ў Богу, — працягваў кс. Аляксандр Барыла. — І кожны з нас ідзе да мэты сваёй дарогай. Хтосьці як чалавек сямейны, іншы адмаўляецца ад сям’і для вышэйшай мэты, іншы як святар, манах, манахіня. У гэтым жыцці мы выконваем розныя заданні, давяраюць нам розныя абавязкі, займаемся рознымі прафесіямі. Бог надзяляе нас большымі ці меншымі талантамі. Але ўсё гэта вядзе нас з вамі да адной мэты – да Бога. Як кажа святы Аўгустын: “Не спакойнае сэрца маё, пакуль не спачне ў Пану!”» Айцец Андрэй Ахрэм, па словах святара, клапаціўся пра «дабро Касцёла», «святасць», «збаўленне ўсіх людзей».

«Малады чалавек, вельмі таленавіты, з вышэйшай адукацыя, з веданнем замежных моваў мог бы пабудаваць сабе жыццёвую кар’еру, мець добрую працу, быць матэрыяльна забяспечаным. А ён пакідае ўсё і вырашае прысвяціць сваё жыццё Богу і людзям. Выбірае далейшы жыццёвы шлях у супольнасці айцоў францішканаў, — адзначыў святар. — Выбірае суровы спосаб жыцця: у чысціні (адмаўляючыся ад сямейнага жыцця), ва ўбостве, беднасці (…) і ў паслухмянасці».

«Айцец Андрэй быў ціхім, незаўважным чалавекам. Але яго духоўнае жыццё было надзвычай багатым. Памятаем яго такім як семінарыста, як дыякана і крыху як святара, — дадаў кс. Аляксандр Барыла. — Падчас падрыхтоўкі да святкавання юбілею нашага касцёла ён спавядаў цэлымі гадзінамі. Я, будучы ў семінарыі ў Лодзі, што ў Польшчы (…), даведаўся пра вялікаю пашану да яго, як з боку сяброў, братоў у манастве і адначасова з боку яго духоўных настаўнікаў. Гэты аўтарытэт айцец Андрэй заслужыў дзякуючы сваёй аўтэнтычнасці, гэта азначае праўдзівасці. (…) Ордэн ускладаў на яго вялікія надзеі!»

«Айцец Андрэй пасля смерці стане яшчэ мацнейшым настаўнікам веры! Ён і надалей будзе вучыць, што Касцёл жывы, у якім дзейнічае Бог Айцец праз свайго Сына Езуса Хрыста ў Духу Святым. Касцёл святы, хоць да яго належаць грэшныя людзі! Ёсць добрыя святары, манахі і манахіні, якія згараюць для Бога і дабра людзей, як алтарная свечка. Ён і надалей будзе вучыць нас любіць Бога па-над усе багацці гэтага свету. Ён будзе заклікаць, каб іншыя маладыя людзі не пабаяліся пакінуць усё дзеля Езуса Хрыста. Не перастануць яго рукі нас благаслаўляць, не перастануць яго вусны нас навучаць, не перастане яго святарскае сэрца любіць Касцёл. Менавіта пасля адыходу з гэтага свету Божы чалавек пачынае дзейнічаць з асабліваю моцаю!» — падкрэсліў святар.

Са словамі падтрымкі і падзякі ксёндз Аляксандр Барыла звярнуўся да бацькоў а. Андрэя Ахрэма, яго родных, сяброў, аднакласнікаў, настаўнікаў, парафіян і ўсіх, хто з болем перажывае яго смерць. «У гэтую цяжкую хвіліну мы павінны абнавіць нашу веру ў жыццё вечнае і ўзмацніць надзею, што калісьці сустрэнемся ў доме нашага любячага Айца, — адзначыў святар. — Айцец Андрэй! Просім цябе, калі ўжо будзеш у небе сузіраць Божае Аблічча, выпрасі нашай парафіі ласку духоўнага ўзрастання і святасці жыцця. (…) Дзякуй табе за веру, шчырасць і адданасць Богу і Касцёлу».

Пасля заканчэння Імшы пачалося малітоўнае чуванне, якое праводзілі моладзь, старэйшыя прадстаўнікі парафіі, Легіён Марыі. Пасля ў касцёле развіталіся з загінуўшым, цела было вынесена са святыні і жалобная аўтамабільная працэсія накіравалася да дома яго бацькоў. Там адбылася малітва, а затым працэсія накіравалася ў Івянец, дзе 8 лістапада ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў 13 гадзін адбудзецца пахаванне.

Айцец Андрэй Ахрэм нарадзіўся 9 сакавіка 1981 года ў Вілейцы ў сям’і Віктара і Людмілы Ахрэмаў. Быў ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, паколькі шлюб яго бацькоў змешаны. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі быў накіраваны на працу ў Віцебск, дзе прыняў рашэнне перайсці ў каталіцкую веру, што і зрабіў 7 жніўня 2004 г. З таго часу актыўна ўдзельнічаў у жыцці мясцовай парафіі Святой Барбары як міністрант і член Легіёна Марыі, паглыбляў сваю веру праз катэхезу для дарослых. Адчуўшы жаданне глыбейшага духоўнага жыцця, вырашыў уступіць у манаскую супольнасць.

У 2005 г. распачаў пастулат у Івянцы, затым працягваў фармацыю ў айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Першыя шлюбы склаў 15 верасня 2007 г., вечныя шлюбы – 8 снежня 2011 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 1 чэрвеня 2013 г. Служыў у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Івянцы, у апошні час таксама атачаў пастырскай апекай парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Камені (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.