Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Быць святлом, якое прынясе сучаснаму чалавеку Бога»: адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.02.2014 17:07 |
Падчас Імшы кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. На пачатку Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі з нагоды свята Ахвяравання Пана благаславіў свечкі, якія ўдзельнікі сустрэчы трымалі запаленымі ў руках. У гаміліі біскуп звярнуў увагу, што ў сцэне ахвяравання Езуса ў святыні, якая прыводзіцца ў чытанні Евангелля на свята Ахвяравання Пана, Марыя “ахвяруе Богу самае каштоўнае, што было ў Яе, а таксама ахвяруе Яму сваё жыццё”. Прарочыцу Ганну, якая, як гаворыцца ў Евангеллі, постам і малітвай служыла Богу ў святыні, можна назваць, па словах іерарха, правобразам манаскага жыцця. “Манаскае жыццё – гэта жыццё, прысвечанае Богу, - адзначыў біскуп. – У гэты дзень, узгадваючы, як Марыя і Юзаф прынеслі ў Ерузалемскую святыню Дзіцятка Езуса, мы асабліва ўзгадваем тых, хто ахвяраваў сваё жыццё Пану”. Па словах іерарха, “жыццё ў манаскіх супольнасцях павінна стаць святлом для асвятлення чалавека ўсіх часоў, усіх пакаленняў”. Біскуп назваў манаскае жыццё фактарам, які “ўмацоўвае дзейнасць Касцёла як у мінулым, так і сёння”. “Манаскае жыццё знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла, з’яўляецца маторам, які выклікае пульсаванне крыві ўсяго Касцёла, - падкрэсліў біскуп. – Гэта вельмі важная функцыя, бо Касцёл павінен быць жывым арганізмам”. “Кожны з нас павінен быць святлом, якое прынясе сучаснаму чалавеку Бога, - сказаў іерарх, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў. – Сёння вы аднаўляеце свае манаскія абяцанні. Гэта нагода не толькі ўзгадаць, што вы прысягалі Богу, але і яшчэ раз папрасіць у Яго патрэбныя ласкі. Бо вы сапраўды сталіся падобнымі да Хрыста ва ўсім”. “Сучасны свет не разумее такога жыцця, - дадаў біскуп. – І, можа, сапраўды такая форма жыцця стане для сучасных людзей святлом, якое асветліць іх цемру”. “Вы прыпадабняецеся да Хрыста ў Яго чысціні, убостве, паслухмянасці. Але гэтага мала. Вы, як Ён, узялі на сябе крыж, - звярнуў увагу іерарх. – Гэта змаганне, каб быць у святле Хрыстовым, але такое змаганне мае сваю прыгажосць, бо яно дае неба”. “Манаскае жыццё – гэта адказнасць і заданне, яно немагчыма без малітвы, - нагадаў біскуп сабраным законнікам і законніцам. – Вы – святло свету: такія словы Езус кажа вам сёння”. Па словах біскупа, “калі сучасны чалавек убачыць шчаслівага манаха, манахіню, якая падыходзіць да яго і радасна ўсміхаецца”, – гэтага, напэўна, будзе дастаткова, каб “Езус змог пастукацца ў сэрца гэтага чалавека”. Біскуп ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з іх святам, дадаўшы, што цэлебруе гэтую Імшу за ўсіх законнікаў і законніц архідыяцэзіі. Напрыканцы сустрэчы прамовіў віцэ-правінцыял Ордэна капуцынаў у Беларусі а. Андрэй Жылевіч OFMCap. “Мы ўсе служым дзеля дабра Касцёла”, - ад імя сабраных кансэкраваных асобаў сказаў святар. Кажучы пра сустрэчу прадстаўнікоў інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі з Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, якая адбылася 22 кастрычніка 2013 г., віцэ-правінцыял нагадаў, што на ёй было вырашана стварыць структуру, якая падтрымае законнае жыццё ў Касцёле ў Беларусі, дапаможа законнікам і законніцам нанава адкрыць уласны харызмат і ўнесці яго ў лакальны Касцёл. Такая структура можа дапамагчы кансэкраваным асобам разам вырашаць свае праблемы і ўзбагачаць Касцёл у адпаведнасці са сваімі харызматамі. У выніку, як паведаміў а. Андрэй Жылевіч, была створана камісія, задача якой – сабраць кансэкраваных асобаў і дапамагчы ім пачаць сустракацца. Біскуп Юрый Касабуцкі на заканчэнне таксама пажадаў кансэкраваным асобам сустракацца, абмяркоўваць свае справы, утвараючы такім чынам “прыгожы букет Касцёла”.
Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.